Старонка:Svejk.6.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё-ж страшна распараджацца здароўем і жыцьцём людзей, ня маючы на гэта аніякіх ведаў. Швэйк засьпяшаўся падбадзёрыць яго:

— Дык-жа й я буду грузіць цукер, а ніколі ў жыцьці гэтым не займаўся. Усё на сьвеце нейк само сабою робіцца, а ў мэдыцыне каб вельмі, дык напсаваць ты ня можаш. Атручваць людзей ты ня будзеш, а каму трэба памерці, той памрэ і без дакторскае дапамогі. А пасьля проста выяўляецца, што навука выпрабавала ўсе сродкі, і, значыцца, ты не вінаваты. Вось, напрыклад, у нашым доме дзяўчынка ў пані Кубат глынула срэбную крону. Маці пабегла з ёю ў амбуляторыю гарадзкой больніцы. Там ёй кажуць: «Глупства. Зварэце ёй ячменнае кашы і дайце вось гэты парашок. Яе пройме вольнасьцю, і крона выйдзе ззаду». Маці гэтак і зрабіла, але крона ня вышла. Тады яна пабегла з дзяўчынкай у дзіцячую больніцу, а там доктар кажа: «Напойце яе гарачым малаком з дзесяцьцю кроплямі з гэтай бутэлечкі. Дзяўчынку вырве, і крона выйдзе сьпераду». Ну, маці зрабіла гэтак, як казалі, але кроны ўсё няма. А ўвечары дзяўчынку раптам праняло і вырвала. І як-бы ты падумаў! Пяцьдзесят хэльлераў вышла ў яе сьпераду і пяцьдзесят ззаду! Гэта таму, што абодва дактары далі ёй гэтакае лякарства, якое павінна было памагчы.

Але Швэйкавы развагі здаваліся Марэку непераканальнымі. Усю цалюткую ноч ён праваляўся на ложку, можна сказаць зусім не заплюшчыўшы вачэй і ляскаючы зубамі са страху. Яму прысьнілася, нібы надышоў дзень страшнага суду, і над змрочнаю зямлёю летаюць анёлы і арханёлы, адзетыя ў вайсковую форму і трубяць у ваенныя трубы трывогу. А зямля правальваецца, з магіл выходзяць мерцьвякі і несканчонымі шэрагамі выстройваюцца ля божага прастолу. І вось бог кажа Марэку: «Тыя, што направа, памерлі сваею сьмерцю. Тыя, што поруч з імі, загінулі ў руднікох, на заводах, за працаю. Вось гэтыя памерлі ад рукі сваіх дактароў, калі апэрацыя «ўдавалася бліскуча». А тыя там, якіх яшчэ больш, забіты на вайне. Але от пра гэта несканчоны натоўп я нічога ня ведаю. Гэй, вы, хто гэта накіраваў вас на той сьвет?» Гэтак сказаў бог. І Марэк убачыў, што з натоўпу вышаў страшны скілет, падышоў да божата прастолу і, узяўшы