Старонка:Svejk.6.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А што, з 91-га палка ў вас тут нікога няма? — запытаў Швэйк. — Ведаеце, хлопцы, гэта — жалезны полк! Ніхто з яго не здаваўся ў палон. Я-ж і сам з таго палка. У нас усе адборныя салдаты.

— Што ты хлусіш! — абазваўся хтосьці з «старых». — Расійцы забралі ў палон цэлы батальён 91-га палка, нават без аніводнага стрэлу. У нас іх людзей, як сабак нярэзаных! Батальён здаўся расійцам разам з афіцэрамі і абозам. Наш доктар таксама з іхніх.

— От як? У вас тут ёсьць свой доктар? Дык я-ж яго напэўна ведаю. Дзе ён? Хадзем, пакажы мне яго.

— Ён, праўда, не сапраўдны доктар, але тут ён паказвае сябе за сапраўднага, — паведаміў Швэйку новы знаёмы. — Ты-ж ведаеш, што тут кожны можа паказваць сябе за каго хоча. Ну, добра, хадзем, я цябе завяду да яго. Ён загадвае лазарэтам і цэлы дзень на працы.

Ён пацягнуў Швэйка да барака, на якім быў намаляваны чырвоны крыж. У бараку былі пастаўлены зьбітыя з дошчак ложкі. Яны стаялі далекавата адзін ад аднаго, і на іх, на чымсьці, што льга было назваць сяньнікамі, калі-б у гэтых сяньнікох было хоць крыху саломы, ляжалі хворыя. У праходах паміж ложкамі хадзіў чалавек у белым халаце, прыпыняўся ля хворых, мацаў у іх пульс і гаварыў санітарам, што даваць хвораму.

— Ён якраз робіць абход… Нам прыдзецца пачакаць, а то ён зазлуе, — шапнуў Швэйку яго таварыш у той час, як Швэйк прыслухоўваўся да глыбокага басу, якім доктар даваў загады: «Асьпірын… Natrum bicarbonicum… Oleum terpentine!.. Tinctura iodi!..» і напружваў сваю памяць, стараючыся ўспомніць, чый гэта такі знаёмы голас.

Доктар дайшоў да канца пакою і павярнуў назад, і Швэйк глянуў яму ў твар. Чалавек у белым халаце таксама кінуў вока на палонных, што стаялі перад ім, як-бы чакаючы яго дапамогі, і шпаркімі крокамі падышоў да іх.

— Што ў вас баліць? — сказаў ён Швэйку. Той ня доўга думаючы, адказаў:

— У мяне баліць горла. Я не магу ні гаварыць, ні есьці, ні сьпяваць.