Старонка:Svejk.6.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзеля капаньня акопаў, з якіх іх бацькі і браты павінны былі быць перастраляны, як курапаты. Тут ня лічыліся ні з якай сьвятасьцю прысягі, бо тут былі зачэплены іншыя інтарэсы, і ў пытаньні пра чалавечнасьць карысталіся іншымі маштабамі, чым у мірны час, або ў дачыненьні да сваіх падданых.

Усялякае злачынства можна было апраўдаць, бо кожная-ж дзяржава толькі абаранялася, ваявала, каб абараніць найвышшае шчасьце чалавецтва. Дык няўжо-ж урады гэтых дзяржаў не павінны былі даць палонным варожым салдатам гонар удзельнічаць у гэтакай «вялікай» справе? Хіба не адбывалася ўсё гэта ў вялікім ХХ веку?

У 1916 г. Расія эвакуявала ўсіх ваеннапалонных з сібірскіх лягераў і разьмеркавала іх у гарадох на сваім заходнім фронце.

У першую чаргу перавезьлі туды чэхаў і славакаў, бо кіеўская газэта «Чехо-славяне» і пецярбурская «Чехо-словак» у кожным нумары горача пераконвалі расійскі ўрад, нібы ваеннапалонныя славянскага паходжаньня да канца адданы Расіі і нібы, калі выкарыстаць іх на шанцавых работах і на капаньні акопаў, яны аддадуць усе свае сілы на службу Расіі. Дык іх сьпешна і падвязьлі, босых, голых, адразу пасьля новага году, амаль да самага фронту. Калі ваеннапалонных славян з лягеру выявілася мала, іх зьнялі з усіх работ у сялян, у рамесьнікаў і на фабрыках па ўсёй Расіі і Сібіры і замянілі немцамі. А пасінелым ад холаду на казарменных дварох чэхам расійскія афіцэры растлумачылі, што матушка-Расія мае да іх бязьмежнае давер’е і што яны павінны мець сабе за вялікі гонар, калі ім дазваляюць спрыяць перамозе расійскае зброі, і не забываць, што славяне ствараюць адзіную сям’ю і што ў сям’і заўсёды шчыра памагаюць адзін аднаму.

Гэтакія растлумачэньні канчаліся звычайна паведамленьнем, што на гэты дзень ня будзе выдадзена хлеба, бо яго не пасьпелі нарыхтаваць, і ня будзе абеду, бо не чакалі, што гэтая партыя ваеннапалонных прыедзе гэтак рана. І сваяцкія дачыненьні да славян выяўляліся ў гэтакія дні найбольш у тым, што палонны, які ў часе прамовы на дваццаціградусным марозе ў сваіх разьбітых казённых ботах пераступаў з нагі на нагу, атрымліваў ад афіцэра раз або два кулаком у твар.