Старонка:Svejk.6.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гнечвала пазнанскіх палякоў, і за права малых народаў улезла ў вайну Англія, якая душыла салдацкім ботам Ірляндыю. Словам, усе гэтыя дзяржавы ўзьнялі меч за вызваленьне малых народаў.

Зьмяшаньне моваў было горшае як пры бабілёнскім зьмяшаньні, і выклікала поўнае зьмяшаньне разуменьняў. Нямеччына ваявала ў імя абароны нямецкай культуры, а Расія павінна была пры дапамозе вайны выратаваць сьвет ад нямецкага барбарства; палякі ў Нямеччыне стварылі лёгіёны супроць Расіі, а палякі ў Расіі — дзеля змаганьня з Нямеччынай. Так што справа, сапраўды, была горшая, як пад бабілёнскаю вежаю, бо там у ўтрапеньне ўпалі толькі муляры і падзёншчыкі, тады як будаўнікі і кураўнікі захавалі яснасьць розуму, зразумелую ім мову і добра выпрацаваныя пляны.

Грандыёзны размах ідэі права і справядлівасьці, за якую змагалася кожная дзяржава, сьцьвярджаючы, што яна абараняе гэтую ідэю ад ворага, які сьцьвярджаў якраз адваротнае, — захопліваў усё большыя і большыя колы насельнасьці, што непасрэдна, або стараною, удзельнічалі ў вайне. Праўда, да гэтага ўдзелу насельнасьць часта прымушалі жандары, але ў афіцыяльных органах усё-ж са задаваленьнем адзначалася, што захапленьне насельнасьці вайною ўзмацняецца і што народ няспынна гатавы да вялікіх ахвяр за айчыну.

Да адбываньня вайсковых павіннасьцяй былі сьпярша ўзяты няздольныя насіць зброю мужчыны, за імі пашлі жанчыны, а пасьля ўзялі ў работу і дзяцей; але калі выявілася, што і гэтага мала, дзяржава пачала пасылаць на работу дзеля ўмацаваньня яго моцы салдат тых дзяржаў, якія ваявалі з імі, каб тыя дапамагалі ёй абараняць тую самую ідэю справядлівасьці, за якую яшчэ зусім нядаўна ваявалі супроць гэтае дзяржавы.

Праўда, кожная дзяржава карала парушэньне ваеннае прысягі бязьлітаснымі расстрэламі, кожная дзяржава трымала на сваіх грамадзян, якія асмеліліся-б чым-небудзь спрыяць на карысьць варожае дзяржавы, нарыхтаваную вяроўку, але гэта не перашкаджала ёй выкарыстоўваць ваеннапалонных дзеля вырабу фугасаў, на якіх павінны былі-б узарвацца іх-жа браты, дзеля абточкі знарадаў, якімі павінны былі быць падпалены іх вёскі, або