Старонка:Svejk.6.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля поўначы да Швэйка спусьціўся з нар Марэк, каб напіцца з ім гарбаты. Калі Швэйк пацьвердзіў яму, што нават у горадзе гавораць пра мір, Марэк недаверліва патрос галавою.

— З чаго ты ўзяў? Тады наконт гэтага больш-бы было відаць і чуць! Проста, вайна, і мы з ёю ўваходзім у новую стадыю.

— У што мы ўваходзім? — перапытаў Швэйк, і Марэк з сілаю адказаў:

— У новую стадыю.

На адзінаццатыя суткі цягнік спыніўся; раніцаю, яшчэ да сьвітаньня, дзьверы ў цяплушках адчыніліся, і жорсткія галасы гукнулі:

— Падымайся на работу!

Выявілася, што гэта Віцебск. Далёка бухалі гарматы… Швэйк ускінуў на плечы ранец і з цікаўнасьцю сказаў:

— Страшна цікава, як выглядае тая новая стадыя? Што яна гэтая стадыя з намі яшчэ зробіць?


5

ПРАЦА НА АБАРОНУ

Ніколі яшчэ ня было вайны, якая-б вялася з прычыны нізкіх або нясумленных імкненьняў. Ніколі яшчэ ня было наступальнай вайны, ці разбойнага нападу. Кожная дзяржава вядзе вайну толькі дзеля абароны, ні адна дзяржава ніколі не нападала першая, а толькі абаранялася ад нападу. На Аўстрыю напала Сэрбія, на Нямеччыну — Бэльгія, на Сэрбію — Нямеччына, на Бэльгію — Аўстрыя, на Англію — Баўгарыя, на Францыю — Турцыя, на Турцыю — Францыя; і ўсе іншыя дзяржавы, што паслалі на бойню свае вялічэзныя арміі, зрабілі гэта толькі з тэй прычыны, каб перамагла ідэя справядлівасьці, чалавекалюбства і прогрэсу. З гэтых меркаваньняў Баўгарыя далучылася да цэнтральных дзяржаваў, а Румынія да Антанты.

Дзеля прынцыпу самавызначэньня вяла вайну Расія, дзе палякі ня сьмелі нават падаць свайго голасу. За прынцып самавызначэньня пралівалі сваю кроў Аўстрыя, дзе чэхам была дадзена воля выміраць, і Вэнгрыя, што жорстка душыла славакаў. Дзеля таго-ж прынцыпу ўзялася за зброю Нямеччына, што пры-