Старонка:Svejk.6.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кравец глыбока ўздыхнуў, спрабуючы няпрыметна прабрацца на нары, адкуль яго зараз-жа сапхнулі чатыры пары моцных рук. А Швэйк, падтрымліваючы яго, ласкава заўважыў:

— Ну, здароў, браце. Клягэн таксама быў тут. Ён шукаў цябе, каб з табою разьвітацца.

— Я яго бачыў, — уздыхнуў Пісклявы. — Ах, божа мой, калі ён мяне калі-небудзь знойдзе, ён прыб’е мяне да паўсьмерці… Але цяпер, браткі, канец усім бядотам. Праз тры тыдні мы будзем дома, у сваіх пасьцелях.

Цягнік грымеў па рэйках. У цяплушцы самотна паміргвала сьвечка ў разгойданым ва ўсе бакі ліхтары. Усе ўжо спалі. Швэйк падсунуўся і даў Піскляваму крыху месца, а сам падсеў бліжэй да печкі і стаў падкідаць у яе паленьні, каб яна не патухла. За сьценкамі цяплушкі панавала поўная цемень… Цягнік імчаўся па простай, як страла, чыгунцы… Аблягчаючы ў прычыненыя дзьверы свой пухір. Швэйк ненаўмысьля добра такі пырскануў ля маленькай станцыі, дзе ня было прыпынку, начальніку станцыі ў твар, які вышаў спатыкаць цягнік. З змроку чулася адборная лаянка… А пасьля цягнік зноў праглынула ноч, бязьмежны стэп і глыбокая цішыня.

А на распаленай печцы шыпеў і пляваўся кіпучы імбрычак, і над галовамі сонных, сярод хрыпу і сьвісту, плаваў прыемны Швэйкаў голас. Швэйк сьпяваў:

Што, цывільны, мусіць, часта марыць звыклі вы аб тым,
Як-бы з дзеўчынай пад ручку прагуляцца удваіх.
Лепш прыходзьце к нам, салдатам, там — ўсе дзеўкі, цэлы рой;
Прыхіліцца можна сьмела тут да кожнай, да любой.
На парад калі мы крочым, дзеўкі на рагу стаяць.
Трэба сьпераду і ззаду ім агледзець кожны рад.
І піхне адна другую, і хіхікне, і шапне:
„Паглядзі якія хлопцы, на падбор! А як ідзе!?“
А пасьля, пасьля параду, праіграюць тра-та-тый.
Ў Чэхію — паходным маршам, ўсе на родныя мясты.
І тут хтосьці запытае: можа часам нават знаў
Іх каханага сыночка, што у Будвэйсе стаяў.
Ну, а як-жа, памятаю! Ваш сыночак мне сваяк:
Ў карцары на голых дошках разам спалі. Яшчэ й як!
Ў карцары, бо ў бойцы сьмелай ня стрымалі мы рукі.
І цывільных дурняў вялых мы паскублі за бакі.