Старонка:Svejk.6.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

палонных гэтак, што яны ўжо, не пярэчачы, бралі рэчы, якія кідалі ім салдаты, і бегам уцякалі далей.

Кучы зьменшваліся, і калі перад імі апынуліся Швэйк і Марэк, фэльдфэбель загадаў:

— Давай аднаму кашулю, а другому боты! Ну? Кашулю! Жыва!

Салдат сунуў Швэйку боты, а Марэку кінуў дэзынфэктаваную кашулю. Да яго падышоў фэльдфэбель.

— Памяняйцеся паміж сабою, чуеш? Я-ж ня гэтак сказаў! Табе боты, а яму кашуля! Ах ты, божа мой! Праваслаўнаму чалавеку проста хоць вар’яцей ад гэтай аўстрыяцкай сволачы. Ну? Вон з вачэй маіх! Каб духу вашата тут ня было — аць, два!

— З такім не пагаворыш, — заўважыў Швэйк, разглядаючы ў суседнім бараку кашулю, што прышлася яму. — Што-ж, я яе вымыю і двазлотку за яе на рынку ўтаргую. А за боты табе дадуць рублёў два…

Пакуль зьмеркла, палонныя былі ў бараках, з якіх нікога не выпускалі. Пасьля іх разьлічылі па чатыры, выстраілі ў доўгую колёну і павялі на вагзал, дзе ўжо быў пададзены, складзены з цяплушак, цягнік.

Уздоўж шэрагаў аўстрыякаў прайшоў палкоўнік Клягэн, дапытліва зазіраючы ў вочы кожнаму палоннаму…

Было ўжо зусім цёмна, калі іх разьбілі на групы чалавек па сорак і, падганяючы прыкладамі, рассадзілі па цяплушках. Раўнуў паравік і цягнік крануўся.

Не пасьпелі яны праехаць некалькі крокаў, як хтосьці адчыніў знадворку дзьверы другое цяплушкі, адным махам ускочыў у сярэдзіну і кінуўся ля печкі на калені. З усіх бакоў узьняліся спалоханыя галасы:

— Што такое? Хто гэта? Што здарылася?

І незнаёмец, стогнучы ад болю, вісклівым голасам крыкнуў:

— Браткі, вось і я! Я заўважыў, у якую цяплушку вас пасадзілі. Я ўвесь час прыхоўваўся ў горадзе. Учора я пачуў, што падпісаны мір і што нас накіроўваюць на радзіму. Уночы я пашоў на вагзал і чакаў вас у качагарцы. От баяўся я, браткі, што вы паедзеце без мяне! Што-б я рабіў у Омску! Так, шчасьце мне здрадзіла, Швэйк!