Старонка:Svejk.6.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Магнэзія не дапамагла, бэнзін — таксама, а крэйда не забяліла іх. Палкоўніца вярнула Швэйку нагавіцы, знайшоўшы, што яны дрэнна вычышчаны.

Тады Швэйк паспрабаваў вымыць іх у халоднай вадзе. Але як толькі яны высахлі, плямы зноў зьявіліся.

— Я адно вывару іх у мыльнай вадзе, — падумаў Швэйк, кладучы іх у кацёл з цёплай вадой. Ён разлажыў на дварэ агонь, паставіў кацёл з нагавіцамі на цэглы над агнём, накрышыў туды мыла і, разьмяшаўшы ваду чыстай шчоткай, даў ёй закіпець.

Пасьля ён яшчэ раз добра намыліў нагавіцы, вельмі здаволены, што плямы нарэшце зьніклі, паклаў іх назад у гарачую ваду, другі раз даў ім пракіпець і панёс да сябе ў пакой. Адтуль яго паклікала кухарка, і перадала яму загад ад пані купіць білеты ў кіно. Ён схадзіў па білеты, а пасьля кухарка затрымала яго да абеду ў кухні. Тымчасам палкоўнік вярнуўся з службы.

— Калі хочаш дарагая, мы можам сёньня паезьдзіць конна, — сказаў ён пасьля абеду, і жонка яго радасна запляскала ў ладкі:

— Паедзем, паедзем! «Зьмейка» ужо асядлана? — І пазваніла пакаёўцы: — Прынясі мне ад дзяншчыка мае нагавіцы.

— Яны яшчэ мокрыя, — заклапочана сказаў пакаёўцы Швэйк. — Я-ж іх толькі нядаўна вымыў. Няхай пані адзене сёньня якія-небудзь іншыя. Замша гэтак шпарка ня сохне.

На гэткі адказ палкоўніца гнеўна затупала ножкамі і крыкнула:

— А я хачу гэтыя, гэтыя і ніякіх іншых! Няхай ён тады верне іх мне брудныя.

Швэйк зьбегаў да сябе ў пакой і палез рукою ў кацёл, каб выцягнуць адтуль нагавіцы. Але замест замшы ў яго між пальцамі завязла штосьці ліпкае і густое.

— Яны разварыліся на жур! — жахнуўшыся закрычаў Швэйк, паказваючы пакаёўцы на кацёл. Але тая, не разўмеючы, што здарылася, упарта гаварыла ўсё адно, што ёй загадала пані:

— Давай іх гэтакія, якія ёсьць. Іншых яна ня хоча.

Палкоўніца ледзь ня ўпала ў няпрытомнасьці, калі Поля шырока адчыніла дзьверы ў сталовую і за ёю зьявіўся ўдалы ваяка Швэйк з катлом ад бялізны ў руках, які ён паставіў на стол, а пасьля, выцягнуўшыся ў ва фронт, адрапартаваў: