Старонка:Svejk.6.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як бачыш, Пісклявы ўцёк. Здарылася прыкрае непаразуменьне. Ён прымерваў нашай пані гарнітур, і каб лепш бачыць, як ён сядзіць, паклаў яе на ложак. Можа гарнітур крыху памяўся і яго трэба было папрасаваць… Ну, а ложак, вядома, ня дошка да прасаваньня, узяў і праваліўся… Як на тое ліха тут якраз наскочыў палкоўнік… Такім чынам, мне асталіся пасьля Пісклявага ў спадчыну ўсе гэтыя рэчы.

Швэйк згарнуў фуфайку і пару споднікаў, схаваў іх у свой ранец і растлумачыў далей цікавы інцыдэнт:

— Божа ты мой, які яна гвалт справіла, калі я ўвайшоў да іх! А сам палкоўнік таксама штука! Ануча нейкая, а не афіцэр, ні то што палкоўнік. Ён павінен быў агрэць яе як належыць, а не гаварыць ёй: «Анёлачак, сонейка маё, красуня мая». Яна, сьцерва, бачыць, што ён яе кахае, і езьдзіць на ім як хоча. Сама краўца й спакусіла, а муж, заместа таго, каб правучыць яе, ёй рукі ліжа, нібы яны з цукру. Ну, скажы сам, хіба гэта мужчына? А пасьля лезе яшчэ з рэвольвэрам да мяне. Значыцца, калі жонка яму рогі наставіла, ён ад дзяншчыка адмысловае павагі патрабуе, на мне злосьць спаганяе! Гэта якраз таксама, як з Бартунэкам у Страконіцы, які мне часам дастаўляў сабак дзеля мае справы. У таго таксама была жонка — ні аднаму сабаку я-б не пажадаў выцярпець таго, што выцярпеў ён ад яе. От ужо была ведзьма, дык ведзьма! Лупцавала яго, калі толькі не лянавалася. Нейк раз ён піша мне, што ў яго ёсьць добры сан-бэрнар, і ня дорага. Ну, я паехаў да яго паглядзець, а ў іх, відаць, толькі што адбывалася хатняя сутычка. Яна — разгарачаная гэтакая, растрапаная, а ён сядзіць пад сталом… «Што гэта ты там робіш?» пытаю я ў яго, як-бы вельмі зьдзізіўшыся. А ён мне на гэта горда: «Я — тут гаспадар, і дзе хачу, там і сяджу!» Ну, а ў вас што новенькае, Марэк?

— У нас? — павольна працягнуў той. — Ды нічога такоўскага. Ад швэцкага чырвонага крыжа мы атрымалі крыху нейкае драбязы, і цяпер нашы хлопцы гандлююць ёю на рынку. А Худзечыка айцец Іоакім, бачачы яго набожнасьць, угаварыў вывучаць багаслоўе і нават згадзіўся плаціць за яго ў сэмінарыю.

Калі Марэк выходзіў, Швэйк затрымаў яго ля дзьвярэй і журботна сказаў: