Старонка:Svejk.6.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прыйшоўшы праз некаторы час у габінэт, палкоўнік дастаў з шуфляды ў пісьмовым стале рэвольвэр і паказаў яго Швэйку.

— Ведаеш што гэта? Ведаеш нашто яно?

— Так точна, дазвольце далажыць, я гэта ведаю, — шчыра адказаў Швэйк. — У нас гэта завецца «браўнінг». гэтакаю штучкаю налётчык Вочак перастраляў агентаў паліцыі, калі тыя прышлі яго арыштаваць, а анархіст Прынцып забіў у Сараеве нашага Фэрдынанда. Відаць, ня кожныя прынцыпы добрыя.

Сунуўшы Швэйку рэвольвэр пад нос, Клягэн холадна сказаў:

— Маўчаць! Адно толькі слова з твайго боку, самы найменшы намёк — і я пушчу табе кулю ў лоб. Зразумеў? Ня выходзь! Аставайся тут!

Швэйк пачуў тэлефонны званок і голас палкоўніка, які камусьці загадваў: «Зараз-жа, хутка!» а пасьля палкоўнік зноў вярнуўся ў габінэт. Крыху пачакаўшы, пастукала ў дзьверы пакаёўка і паведаміла:

— Там прышоў фэльдфэбель з салдатамі.

— Хадзем! — суха загадаў Клягэн Швэйку, — завядзі салдат да твайго таварыша.

Пакойчык быў пусты. На швэйкавым ложку была параскідана брудная бялізна, і валяліся скарынкі хлеба і старыя боты. Пісклявы зьнік разам з сваім ранцам, і дворнік Сымон, п’яны да страшэннае моцы, кляўся і бажыўся, што кравец пашоў яшчэ зранку, яшчэ з цямна і больш ня прыходзіў. Салдаты так і пашлі без усялякага скутку; а Клягэн, кусаючы з прыкрасьці губы, заявіў па тэлефоне ў паліцыю, што яго абакраў адзін аўстрыяк і што ён з гэтае прычыны просіць прыводзіць у камэндатуру дзеля пазнаньня ўсіх ваеннапалонных, якія будуць затрыманы ў бліжэйшыя дні.

Палкоўніца нагэтулькі паправілася, што магла пайсьці на вечарыну. Удалы ваяка Швэйк паказаў Марэку, які прышоў да яго ў госьці, запісачку; там было напісана: «Бывай, Ёсіф, будзь здароў. Можа калі-небудзь мы з табою яшчэ спаткаемся і тады я табе раскажу, як была справа. Драцяныя загарадзі я перарэзаў, але ў самым акопе была засада… Кланяйся ўсім. Твой І. П.». І, памятаючы дадзенае палкоўніку абяцаньне, ён сказаў: