Старонка:Svejk.6.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

асьвяціўшы іх нібы яснае сонца, і барак стаў неўзабаве вельмі цесны дзеля ўсіх, што імкнуліся ў лона праваслаўнае царквы. Усе прахвосты, гультаі, жулікі і ўрвіцелі, якія лічылі палон за вымушанае прыемнае гультайства, ішлі да яго па протэкцыю да расійскага бога. І ён верыў якраз гэтак, як доктар Крамарж, што надышла эра панславізму, што чэхі гатовы далучыцца да расійцаў і што, калі палякі адпадуць ад Рыма, створыцца Ўсеславянская дзяржава на грунце агульнай веры. Ён быў як мае быць захоплены гэтай ідэяй. Ён каваў жалеза, пакуль яно было гарачае. Кожны дзень у яго адбываліся духоўныя гутаркі з ваеннапалоннымі, прычым ён шмат гаварыў пра адзінае вялікае славянскае царства, згрупаванае навакол матушкі-Масквы. Ён вышукаў недзе кнігі пра Гуса і Коменскага і перасыпаў цытатамі з іх свае пропаведзі. Але на кожным слове ён усё блытаў чэхаў з чорнагорцамі, а каралеўства Чэхія апынулася ў яго дзесьці на Адрыятычным моры, і гэтая блытаніна разуменьняў і падзей заўсёды была ў яго пропаведзях. А пасьля гэтакае пропаведзі выступалі фанатыкі з ліку самых большых прайдзісьветаў у дружыне і запэўнівалі, што ніхто ня ведае гісторыю гэтак добра, як айцец Іоакім, а шавец Пістора, спрытны жыжковек, крычаў, б’ючы сябе ў грудзі:

— Хлопцы, прысягаю богам, што ў вызваленай Чэхіі іх рэлігія павінна стаць нашай казённай, так сказаць — дзяржаўнай рэлігіяй. Мы выберам цара за нашага праскага архіепіскапа. Я перагавару пра гэта з-братам Клофачам. Я-ж з ім знаёмы, мы з ім хадзілі ў адзін рэсторан. Хто за тое, каб айцец Іоакім зрабіўся ў нас у Празе за пратайярэя сабору сьв. Віта.

Нядзеля, калі цэлая сотня аўстрыякаў перайшла ў праваслаўе, была для Омску вялікаю падзеяй. На царкоўны парад быў выведзены ўвесь гарнізон, і сабор быў абкружаны вялічэзным натоўпам цікаўных і абібокаў. Новахрышчоных, па чатыры ў рад, спаткалі гукам «ура!» і гучнымі аплёдысмэнтамі. А калі айцец Іоакім сказаў урачыстую пропаведзь пра чэхаў, якія стогнуць пад турэцкім прыгнечаньнем, калі ён сказаў, што яны шукаюць абароны на грудзях матушкі-Расіі, якая, моцная давер’ем сваіх сыноў, няйначай, пераможа пры дапамозе свае непераможнае арміі, у царкве народ пачаў плакаць. Стопяцідзесяцімільённы