Старонка:Svejk.6.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так што дазвольце далажыць, пане палкоўнік, што я ў гэтакіх паноў, як вы, пане палкоўнік, ужо служыў. Напрыклад, пан фэльдкурат Кац — гэта была гэтакая п’яная сьвіня, які часта біў і псаваў усё, што пападалася яму пад рукі; ну, а пан паручнік Лукаш — той, зноў-жа, больш цікавіўся бабамі чым выпіўкаю. У пана фэльдкурата мне вельмі цяжка было трымаць дом у парадку і чыстаце. Але я такі чалавек, што да ўсяго ўмею прынаравіцца.

Праз некалькі дзён, калі Швэйк настаўляў на дварэ самавар, разьдзьмухваючы яго ботам, дворнік гукнуў яму:

— Ёсіф Швэйкавіч, да цябе знаёмы прышоў.

У сенцах стаяў Марэк. Швэйк правёў яго да сябе ў пакой і запытаў:

— Значыцца, ты ўцёк? Цябе хацелі павесіць ці расстраляць.

— Ні тое, ні другое, — сьмяючыся адказаў вольнапісаны. — Я цяпер у праваслаўнай дружыне. Заходзь да нас як-небудзь.

Калі Швэйк падаў паном самавар, Марэк расказаў, што ў іх робіцца ў лягеры.

— Ты, браце, і ўявіць сабе ня можаш, што вытварае Гаршына. Гэта проста такі трынаццаты апостал. Ён завербаваў у праваслаўе траха не паўлягеру, і ў нядзелю першая сотня нашых хлопцаў будзе хрысьціцца ў расійскай царкве. Хлопцы загадоўваюць сабе валасы, шукаюць хрышчоных бацькоў, каб атрымаць падарункі, і вучацца падпісвацца па-расійску. Калі мы атрымаем аўтономію, дык нам давядзецца заклікаць з Расіі папоў ў Чэхію больш, чым наш легендарны продак засадзіў чэскіх дзяцеў у гару Жып. Праваслаўе прымаюць усе, хто толькі ўздумае, каб як найлатвей прыстроіцца ў палоне. Што-ж, яно, як мне здаецца, ня горш за іншыя рэлігіі.

— Я, браце, таксама гатоў хрысьціцца, — адазваўся Швэйк, — але мне хацелася-б знайсьці сабе хрышчоную матку, або яшчэ найлепш сястру, каб яна, як будзе адбывацца таінства, трымала мяне на руках.

Іоакім лічыў сябе ў той час за гэтакага духоўнага пастыра, малітвы якога мелі не абы якое значэньне перад прастолам усявышняга. Сьвяты дух сышоў на ваеннапалонных,