Старонка:Svejk.6.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

от, давядзецца табе чысьціць яму боты, выглянцоўваць іх, каб яны, значыцца, блішчэлі як шкло; адзеньне яму будзеш выбіваць і чысьціць, самавар ставіць, у печах паліць, ваду насіць… Шмат работы ў цябе ня будзе. Хіба што яшчэ карыдор падмесьці ды падлогу памыць.

І добры Сымон пералічыў усю работу, якую, уласна кажучы, павінен быў рабіць ён сам і іншыя яго памагатыя. Пасьля ён пачаў уводзіць Швэйка ў таемнасьці ўнутранага жыцьця гэтага дому і яго насельнікаў.

— Кухарка Марыля — дрэнь баба. Ані-ні мяса яна ня дасьць табе больш, чым табе вызначана, а выпіўкі ад яе ні кроплі не атрымаеш. Сама дык яна, сьцерва, горла гарэлкаю палошча… Госьці ў нас часта бываюць, і калі захочаш, дык у пляшцы заўсёды што-небудзь у дне знойдзеш. Тады, глядзі, незабудзься, што, хоць ты ёсьць аўстрыяцкі сабака, я табе друг і прыяцель, і цягні ўсё сюды. Бо лішні раз глынуць, ніколі не зашкодзіць — душа вільгаць любіць. Охо-хо-хо, адпусьці, божа, грэх!.. Затое пакаёўка Поля — тонкая штучка! Эх, братка ты мой, добрая дзеўка! Ёй-бы якраз з афіцэрамі шуры-муры разводзіць. З ёю, глядзі, не сварыся… Ну, а таварыш твой будзе шыць на нашу паню? Яна ў нас фарсуха. Калі ён спрытны і бог яму паможа, дык яму ўдасца і панскага мяса паспрабаваць. У галаве ў яе вецер… А цяпер хадзем, я табе пакажу, дзе ты будзеш жыць.

Ён павёў Швэйка ва ўнутраны флігель. У маленькім змрачнаватым пакойчыку стаялі два паходныя ложкі, столік, два крэслы і ўслон з міскаю што мыцца. Швэйк распакаваў свае рэчы і пачаў ужо разьбіраць рэчы свайга таварыша, калі той увайшоў разам з пакаёўкаю.

— Дзяўчына гэтая — проста адно хараство, — сказаў ён, задуменна расчэсваючы сабе грабянцом валасы, — але ад нашае пані ў мяне проста галава круціцца. Божа ты мой, што ёй усё трэба. Работы тут будзе да-чорта, браце ты мой.

— Гэта праўда, — згадзіўся Швэйк, расьцягнуўшыся на паходным ложку і вяла разглядваючы столь. — Работы ў цябе будзе па горла… Дворнік казаў мне, што пані ў сім-тым разумее смак… Так што калі ты маеш намеры заняцца яшчэ і пакаёўкаю…