Старонка:Svejk.6.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Трэба яшчэ дваіх. Весялей, хлопцы, весялей! — паддаваў ён жару.

— Ну, добра, пішы й мяне. Кажуць, у іх і цукар выдаюць. Пішы: Венцаслаў Захацеў.

— А мяне запішы апошняга: Франц Поллак. Я тут на рынку украў кавалачак сала, дык мяне здорава адкалацілі. А праваслаўных, чуў я, ня гэтак моцна б’юць, калі зловяць, бо яны іхнія.

З вартаўнічага памяшканьня прышоў расійскі салдат і патушыў лямпу. У цемені хтосьці запрапанаваў:

— Хлопцы, давайце засьпяваем. Толькі што?

— Што-небудзь рэволюцыйнае, — пачулася з розных кутоў.

І праз пяць хвілін шыбы задрыжэлі ад прыпеву:

Бэрлін і Вену няхай зямля глыне,
Аўстрыйская дынастыя няхай згіне,
А праскіх паліцэйскіх перадушым…

3

ШВЭЙК СЛУЖЫЦЬ У СІБІРЫ

У суботу канвойны адвёў Пісклявага і Швэйка на кватэру да камэнданта. У сенцах іх спаткала палкоўніца, падаравала ім рубель і ветліва ўсьміхнулася.

— Схадзеце перш за ўсё ў лазьню, — сказала яна ім, — і вымыйцеся як найчысьцей. Пасьля паведамеце мяне праз пакаёўку, — зьвярнулася яна да краўца, — а вы, як вас завуць? Ёсіф? Зьявецеся да дворніка, ён вам пакажа вашу работу. Сёньня, вядома, ужо ня прыдзецца працаваць. А я толькі пакажу, што мне трэба будзе перашыць і зрабіць.

Палкоўніца, шамечучы спадніцаю, пашла ў пакоі, пакінуўшы за сабою пах моцных духоў.

Дворнік Сымон быў яскравы тып ханжы і п’яніцы ў аднэй асобе. Сваю жыцьцёвую мэту ён бачыў у тым, каб маліцца перад абразамі і цягнуць усё, што дрэнна ляжала, на рынак дзеля ператварэньня яго ў грошы на выпіўку.

— Значыцца, галуба, ты падаўся да нас, значыцца, да пана нашага ў дзяншчыкі? — паважна сказаў ён Швэйку, калі той явіўся да яго. — Служыць, значыцца, будзеш пану нашаму? Ну