Старонка:Svejk.6.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаварыць праўду і ўсіх контраляваць. Кажуць, з імі прыехаў швэцкі консул… А от мне, напрыклад, жонка ўжо тры разы прысылала грошы, якія ніяк не дайшлі да мяне. Цяпер яна мне напісала, што дала дваццаць крон на чырвоны крыж, і за гэта мяне адзенуць з галавы да ног. Што-ж, у гэтакіх графіняў усяго даволі, ім ня трэба красьці.

— Заўтра мы ўсе будзем выглядаць як жаніхі, — дадаў Швэйк, а Пісклявы, здагадаўшыся, што народу чакала больш, чым было тых падарункаў, шапнуў яму:

— Унь ідзе палкоўнік, які неўзабаве будзе наш начальнік. Зьвернемся да яго; зьесьці ён нас ня зьесьць, а ў лепшым выпадку дасьць памордзе.

Яны дагналі камэнданта і, стаўшыў ва фронт, гэтак ляснулі абцасамі, што палкоўнік са зьдзіўленьнем узьняў вочы. Выцягнуўшыся ў струнку, Пісклявы адрапартаваў:

— Ваша высокаблагародзьдзе, пане палкоўнік! — сказаў ён па-нямецку. — Я той самы кравец, які будзе шыць вашай жонцы. Майго таварыша вы зрабілі ласку ўзяць сабе за дзяншчыка. Пане палкоўнік, з пакораю просім вас, загадайце паставіць нас сёньня з мад’ярамі, якія атрымліваюць падарункі.

— Вы-ж чэхі, хіба ня праўда? — з непаразуменьнем запытаў палкоўнік. — Чаму-ж вы хочаце стаць з мад’ярамі.

— Дазвольце далажыць, пане палкоўнік, толькі таму, што чэхі нічога не атрымаюць, — адказаў з хітравай усьмешкай Пісклявы. — А нам, пане палкоўнік, ваша ласка сама бачыць, няйначай трэба новае абмундыраваньне.

— Дамы ўпэўніваюць, што ўсім давядзецца роўна, — з прыкрасьцю заўважыў палкоўнік. З хвіліну ён хістаўся, а пасьля рашуча павярнуў назад. — Хадзем. Я зараз даведаюся.

Ён увайшоў у барак, прыпыніўся ў дзьверах і, паказваючы расійскаму фэльдфэбелю на Пісклявага і Швэйка, загадаў:

— Паслухай, браток. Гэтых дваіх паставіш у першы шэраг.

— Слухаю, ваша высокаблагародзьдзе! — адчыканіў фэльдфэбель, абхапіўшы кожнага за стан і паставіўшы іх наперадзе мад’яр. Праз пяць хвілін пасьля гэтага яны вышлі з цэлым бярэмям рэчаў і, прышоўшы да сябе ў барак, Пісклявы заўважыў: