Старонка:Svejk.6.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вельмі піць хочацца.

Але карова ўцякла ад Швэйка ў стэп, і Швэйк пагнаўся за ёю. Яна была ўжо гэтак далёка, што Гаршына бачыў толькі дзьве чорныя кропкі ў зялёным моры травы; яны рабіліся ўсё меншыя і меншыя і, нарэшце, зусім зьніклі.

Уночы карова вярнулася да свае чарады адна, а Швэйк бяз сьледу згінуў, нібы ў зямлю праваліўся. І Гаршына адзначыў у сваёй кніжцы: «З 26-га жнівеня 1917 году Швэйк невядома дзе».


*

Гэта было ў брыдкі лютаўскі дзень 1920 году. Прага ўпрыгожылася сьцягамі, па вуліцах хадзілі, ня гледзячы на дождж, прыгожыя дзяўчаты ў нацыянальных гарнітурах, на тратуарах ціснуліся цікаўныя, і з вуснаў у вусны перадавалася:

— Ідуць? Яны?

На рагу Венцаслаўскага пляцу стаяў высокага росту ўкормлены пан і расказваў другому, які якраз узяў яго пад руку:

— Я быў на біржы і сумысьля крыху затрымаўся, каб іх убачыць. Ну, і дарагоўля-ж тут у вас! А ўрэшце, наш брат, мельнік, можа сабе цяпер сёе-тое дазволіць, а мне хочацца расказаць дома, як выглядаюць легіянеры. Праўду кажучы, мне зусім ня гэтак ужо цікава глянуць на іх, але са мною на фронце быў нейкі Швэйк, які таксама папаўся да расійцаў у палон. А я яго якраз сёньня гэтак жыва сасьніў, і штосьці падказвае мне, што ён будзе сярод іх. Гэта быў такі прыемны, добры чалавек. Яго клікалі Швэйкам, Ёсіфам… Як вы думаеце, мы пасьпелі-б яшчэ пасьнедаць?

— Езус-Марыя! — сказала нейкая стараватая жанчына, павярнуўшыся да іх. — Значыцца, вы таксама ведаеце майго пана? Я — фрау Мюльлер, удава, і да вайны служыла за найлепшую служанку ў пана Швэйка. Як добра, што мы спаткаліся! Ён сапраўды прыяжджае сёньня. Я атрымала ад яго тэлеграму з Трыесту.

І яна працягнула тоўстаму пану тэлеграму. Той паціснуў фрау Мюльлер руку і адрэкамэндаваўся: