Старонка:Svejk.6.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Здаецца мне, што ў гэтым легіёне адбываецца тая-ж гісторыя, як з тым яўрэем, які хацеў перайсьці ў праваслаўе. Гэта мне на рынку расказвалі. Расійцы, як вядома, яўрэяў ня вельмі далюблівалі, а ён хацеў выйсьці ў людзі, бо вельмі-ж ужо яму дадзела гараваць. Трымаў ён дробную крамку, а каб справы ішлі лепш, узяў сабе ў хаўрус праваслаўнага. Але калі і гэта не памагло, пашоў ён да папа хрысьціцца. Поп яму і кажа: «Пачакай, гэтак хутка ня можна. Спачатку я павінен навучыць цябе праваслаўнай веры. Ты будзеш прыходзіць да мяне і плаціць па пяць рублёў за гадзіну». Ну, яўрэй стаў хадзіць да папа і вывучаць катахізму. Нарэшце надыходзіць дзень, калі яго трэба хрысьціць. Напярэдадні ён прыходзіць апошні раз да папа і пытае, ці можа ён прыйсьці на хрышчэньне з сваім хаўрусьнікам, бо фірма ў іх «Пінхус і Петухов» і яны абавязаны рабіць усё агульна. У нядзелю ў царкве ідзе ўрачыстая адправа, бо ніхто не памятаў выпадку, каб гэтакі стары яўрэй пераходзіў у праваслаўе. Наехала духавенства з гораду, хрышчоны бацька, хрышчоная маці і народу процьма. І вось выходзіць яўрэй з сваім хаўрусьнікам да купэлі і поп пачынае яго пытаць: «Ці веруеш, што хрыстос быў бог і чалавек у аднэй асобе?» А ён адказвае: «Верую, што ён быў чалавек, а што ён быў бог — верыць мой хаўрусьнік». Поп яго зноў: «Ці веруеш, што хрыстос раздаў пяці тысячам чалавек пяць хлябоў і накарміў іх?» А ён адказвае: «Верую, што ён іх раздаў, а што ён накарміў імі людзей — верыць мой хаўрусьнік!» Тут поп трэці раз паспрабаваў: «Ці верыш, што хрыстос памёр на крыжы, каб выкупіць цябе сваёю сьмерцю?» А яўрэй усё гэтак-жа спакойненька: «Што ён памёр на крыжы, я веру, а ўва ўсё іншае верыць мой хаўрусьнік. На што-ж нам і быць хаўрусьнікамі?!» І скончылася яно тым, што абодвых выгналі з царквы… Вось гэтак, відаць, будзе і ў легіёне, адно што там гэтага ня кажуць так адкрыта, і таму ня так лёгка здагадацца… А калі Марэка заб’юць, дык і я больш не хачу жыць. Лепш ужо я знайду яго і раскажу яму, што было з яўрэем. Тады ён запатрабуе, каб яму гэтую справу як належыць вытлумачылі.

— Ці ня хочаш ты пакінуць мяне тут зусім аднаго? — сумна зацягнуў Гаршына. — Што я буду рабіць без цябе!