Старонка:Svejk.6.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён скочыў з шафы на брук, і сінія нагавіцы паляцелі яму ўсьлед, нібы абрыўкі нябеснага блакіту. Унізе ён пазьбіраў іх і перацягнуў у пад’езд.

— Зараз я пачну іх разносіць, — гукнуў ён да гарадавых, паднімаючы з зямлі новую кучу нагавіц, як раптам у вуліцу ўехалі дзьве фурманкі з саломаю. Яны займалі ўсю шырыню вуліцы, і ніхто іх не цягнуў, бо ў іх ня было запрэжана ні коняй, ні валоў. Іх падпіхалі ззаду і яны грозна насоўваліся на занятую паліцыяй барыкаду, і абаронцы яе пачалі адразу-ж праразьліва крычаць і страляць.

Вазы падсунуліся да пад’езду, дзе Швэйк зьвязваў нагавіцы ў жмуты, і студэнты і салдаты, што ішлі за вазамі, пачалі прымацоўваць лескі і ўстанаўляць на дошках, што ляжалі паверх саломы, кулямёты.

— Сёньня я занясу іх у барак, а на рынак выйду з імі калі зноў усё паспакайнее, — мармынуў сам сабе Швэйк, захапіўшыся працаю.

— Тут сорак пар, па дзесяці рублёў за пару мне заўсёды дадуць… Усяго, значыцца, чатырыста рублёў…

— Вы, таварыш, што тут робіце? — запытаў яго студэнт, што чагосьці ўбег у пад’езд і заўважыў Швэйка. І, не чакаючы адказу, гукнуў: — Ды яшчэ ў паліцэйскіх нагавіцах! Дзе ты іх узяў?

— А мне гарадавыя кінулі іх з барыкады, каб я іх у горадзе прадаў, — растлумачыў Швэйк. Змрочна глянуўшы на яго, студэнт загадаў:

— Злажы іх на воз, бо ў вечары нам будзе холадна!

Такім чынам Швэйк, сам ня ведаючы як, апынуўся раптам на возе, на які ён пачаў цягаць бярвеньне і дошкі, у той час як прыкрытыя саломай кулямёты абстрэльвалі варожыя барыкады, а адтуль адказвалі стралянінаю з стрэльбаў.

Гэтак цягнулася да самага змроку, бяз выніку на тым ці гэтым баку. А як зьмеркла, салдаты і студэнты падвязьлі дзьве трохдзюймовыя гарматы, адцягнулі ўбок адзін воз і ўстанавілі гарматы, замаскаваўшы іх дошкамі. І раптам з аднэй гарматы над барыкадай разарвалася шрапнэль, а з другое знарад папаў