Старонка:Svejk.6.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

храни». Я сам аднаго з іх выратаваў, аддаўшы яму свае нагавіцы замест сініх. Дык ён мяне паслаў да вас, каб вы пааддавалі мне сінія нагавіцы, а я прынёс вам з дому іншага колеру, каб вы былі падобны да салдат.

— Гэта ня кепская думка, — заўважылі некаторыя і павялі Швэйка да прыстава, якому ён яшчэ раз сказаў свой плян. Прыстаў пачухаў у сябе за вухам і запытаў:

— Ну, а што чуваць у вас там у горадзе?

— Як што! Усё войска таксама робіць рэволюцыю, — паведаміў Швэйк. Прыстаў страшна пабялеў, але тут-жа схапіўся за саломіну:

— Мы выклічам вайсковыя часьці з фронту, губарнатар пашле сюды надзейнае войска.

— Вам больш нават сам бог не паможа, галубок, — заявіў Швэйк, — калі я не працягну вам сваю руку.

І ён расказаў, што падыходзіць ужо цяжкая артылерыя, што за горадам выстаўлены батарэі і што рулі іхнія наведзены проста на будынак гімназіі.

— Адзін залп, і ад вас толькі мокранька будзе, гаварыў ён. — А калі хто выпадкова і выратуецца, дык яго ўзарвуць у паветра мінамі. Я на свае вочы бачыў, як саперы вялі сюды падкоп з сутарэньня на суседняй вуліцы. Да вечара ў іх ўсё будзе гатова, і ўночы вы ўсе ўзьляціце ўгару. Гэта будзе вельмі прыгожы малюнак, сёньня якраз месяц поўны.

Прыстаў пры ўспамінаньні гэтага хараства нават пазелянеў. Пасьля ён расшпіліў аслабелымі раптам рукамі нагавіцы і сказаў:

— Атрымаеш сто рублёў, калі прынясеш мне іншыя. І кулю ў лоб, калі ня прынясеш і не перадасі маёй жонцы — вось табе яе адрас — што я жыў і здароў і неўзабаве буду дома. І няхай паставяць самавар… Кулю ў лоб!

— Акалодачныя ўжо разьдзеліся. Швэйк браў у іх разам з запіскамі нагавіцы, а калі ён выходзіў з гімназічнага будынку, усе гарадавыя на барыкадзе стаялі ў адных сподніках і соўвалі яму ў рукі свае нагавіцы. Швэйк сьціпла адмаўляўся.

— Ды дзе-ж я ўсё гэта адразу занясу! Пасьля мне на вуліцу кінеце!