Старонка:Svejk.6.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

я служыў. Мне загадвалі, а я павінен быў слухаць. Ах, што цяпер мне рабіць. Жонка ў мяне, дзеці. Небаракі, мае дзеткі, сіроткі мае!

Гарадавы заплакаў і пачаў рваць на сабе валасы, божкаючы і прысягаючы, што нікога ніколі ня крыўдзіў з уласнага жаданьня, а толькі выконваў загад начальства. Нарэшце ён хапіўся за кішэню.

— Вось, добры чалавек, ёсьць у мяне тут шэсьцьдзесят рублёў, — у роспачы гукнуў ён. — Вазьмі іх сабе і аддай мне свае нагавіцы. У прыдачу вазьмі яшчэ і мае сінія. Яны — з добрага сукна. Зрабі гэта дзеля збавеньня свае душы, захавай бацьку нявінным дзецям.

— Добра, для дзяцей тваіх я цябе пашкадую, — паволі сказаў Швэйк, працягваючы руку па дзесяцірублёўкі. — Май на ўвазе, я раблю гэта толькі адно з свае добрасьці.

Ён адшпіліў папругу, і здымаючы нагавіцы, навучальна сказаў:

— Як-бы злодзей ня краў, а пугі ня міне. Бачыш, галубок, сёньня я табе памог, а заўтра ты мне. Дрэнныя вашаму брату прышлі часы. Тваё шчасьце, што ты не ганяў мяне з пярсьцёнкамі з рынку. Каб ня гэта, дык я нават у гэтакім стане паказаў-бы табе, дзе ракі зімуюць.

Гарадавы шпарка як маланка нацягнуў на сябе швэйкавы нагавіцы, горача паціснуў яму руку і з пачуцьцём сказаў:

— Дай божа, каб зноў надышлі ранейшыя часы і я мог-бы аддзякаваць цябе… Паслухай, ты-ж разумны чалавек. Дык вось, у гімназіі, на Аляксееўскай вуліцы засела шмат нашых. Пралезь як туды, пазабірай у іх сінія нагавіцы і пазанось іхнім жанкам па кватэрах, а табе за гэта шмат грошай дадуць. Зробіш? Добра? А калі вернецца ўсё на стары лад, мы табе нават дазволім сала красьці на рынку. Як кажуць: рука руку мые. Шчасьліва заставацца.

Гарадавы, азіраючыся, вышаў за браму і пашоў ціхенька паўз сьцены дамоў, а пасьля адным махам апынуўся на вуліцы пасярод натоўпу. Цяпер ужо нельга было пазнаць, ён выратаваўся. І Швэйк, зашпільваючы новыя нагавіцы, якія яму былі залішне шырокія і ўсё звальваліся, прамармытаў сабе пад нос: