Старонка:Svejk.6.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Натоўп рынуў на гарадавых, якія кінуліся ўцякаць. Надышла на іх горкая хвіліна. Хоць яны і пасьпяшылі паскідаць з сябе шапі і цэшкі, усё-ж іх пазнавалі па сініх форменных нагавіцах і з імі бязлітасна распраўляліся. Ведаючы, што нагавіцы могуць заўсёды пашкодзіць ім цяпер, гарадавыя стараліся ўсялякімі спосабамі схаваць іх.

Такім чынам здарылася, што Швэйк убачыў у падваротні нейкага чалавека, які стаяў у адных сподніках і дрыжаў усім целам з холаду і страху. Швэйк здагадаўся, што гэта гарадавы, бо яго сінія нагавіцы віселі на круку ў браме.

— Ці ня зьбіраецеся вы тут класьціся спаць? — з цікавасьцю запытаў Швэйк. — Я-б вам ня радзіў. Тут вельмі дзьме, а вам тым больш тут будзе зусім нядобра.

Сьмешна і праціўна было глядзець, як трасьліся ў гарадавога калені і як ён курчыўся і нагінаўся да зямлі, каб яго не заўважылі. І з сваім нязьменным дабрадушшам Швэйк гаварыў далей:

— Мне здаецца, у вас крышку ногі дрыжаць, але вы пра гэта ня дбайце, гэта пройдзе. Наагул, вам тут ня так ужо і кепска. Унь на рынку забілі шэсьць чалавек гарадавых, дык ім куды горш. Што за карысьць, калі пра іх скажаш, што з імі ўжо нічога ня можа больш здарыцца, а што лёс іншых яшчэ невядомы? А ўнь у тым завулку аднаго гарадавога жыўцом пасадзілі на кол. Сядзіць ён цяпер з колам у задзе і сьпявае: «Боже, царя храни». А вы гэтую песьню таксама сьпяваеце? — нечакана дадаў ён, дапытліва глянуўшы на гарадавога.

— Забыў яе, зусім забыў, і ўспамінаць не хачу, — заікаючыся пралепятаў гарадавы, і зубы ў яго гэтак ляскалі, што Швэйк сказаў:

— Здаецца, вам холадна. У вас зубы ляскаюць, як у сабакі калі яна ловіць скочкі на сабе. Ці, можа, вы баіцёся таго, што вас чакае і няйначай з вамі здарыцца? Ня бойцеся, тут вас таксама знойдуць, хоць і не адразу, але затое напэўна. Валасы на галаве ў гарадавога падняліся старчма ад жаху. Ён кінуўся перад Швэйкам на калені і загаласіў:

— Выратуй мяне, добры чалавек, у імя ўсяго сьвятога на сьвеце — выратуй мяне! Што я гэтакае зрабіў! Я служыў — так,