Старонка:Svejk.6.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Швэйк зразумеў, што тут рыхтуецца штосьці грандыёзнае і схаваў пярсьцёнкі ў кішэню. Пасля ён павярнуў з рынку на галоўную вуліцу, насустрэчу натоўпу, што рынуў да камэндантуры.

Казачыя патрулі і пікеты прайходзілі і праяжджалі ва ўсе бакі, нібы нікога і нічога не заўважаючы; гарадавыя стаялі па дваіх і па траіх на вулічных скрыжаваньнях, з страхам і непакоем чагосьці чакаючы.

І раптам з бакавое вуліцы вышла група забастоўшчыкаў-рабочых, пасярод іх хваляваўся чырвоны сьцяг. Гарадавыя кінуліся адбіраць сьцяг. Але натоўп абкружыў іх шчыльным колам, так што яны не маглі нават абараняцца сваімі шашкамі. І не пасьпелі гарадавыя зьнікнуць, нібы пясчынкі ў вялікім натоўпе, як адусюль чуваць сталі выгукі:

— Няхай жыве рэволюцыя! Бі гарадавых, бі фараонаў!

Над натоўпам заварушыліся кулакі і кіі, і град удараў сыпануўся на гарадавых. Стараючыся закрыць галаву рукамі, яны ледзьве выбраліся на волю і ўцяклі.

Вайсковыя часьці ўсё яшчэ бязьдзейнічалі. Раптам аднекуль зьявілася рота салдат, з чырвонымі стужачкамі на грудзях. На чале іх ішоў прапаршчык Вараб’ёў. Перад будынкам камэндантуры салдаты паднялі яго на плечы, і ён, размазваючы шапкаю, гукнуў:

— Таварышы, салдаты і рабочыя! У Петраградзе пачалася рэволюцыя. Цара прымусілі адрачыся трону, і стары ўрад скінены. Цяпер там улада ў руках савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў! Улада паліцыі і адміністрацыі адменена і тут, і цяпер адбываюцца выбары ў наш мясцовы савет, які будзе тут усім кіраваць. Таварышы, вайне будзе зроблены канец. Зямля будзе аддадзена сялянам, а фабрыкі і заводы будуць належаць да саміх рабочых. Няхай жыве рэволюцыя! Няхай жывуць рэволюцыйная армія і рэволюцыйны пролетарыят!

З якогасьці акна грунула некалькі стрэлаў; кулі папалі ў сьцяну насупроць, і натоўп абурыўся.

— Гэта гарадавыя страляюць! Сволачы! Пабіць іх! — чуваць было з усіх бакоў.