Старонка:Svejk.6.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Трэба перабіць усё начальства і сказаць немцам, каб яны таксама сваіх афіцэраў пабілі!

— З-за гэтакае курвы, з-за немкі, нашага брата па мордзе лупяць!

— Усюды, значыцца, тая-ж песьня, — сказаў сам сабе прапаршчык, паціху выходзячы з барака, і наняўшы рамізьніка, паехаў да сябе на кватэру. Там ён замкнуўся ў сваім пакоі, дастаў з шуфляды паперу і пачаў штосьці пісаць. Падумаўшы, ён шпарка накідаў некалькі радкоў і толькі тады вывеў над імі: «Таварышы».


*

— Сёньня я іду на рынак, — сказаў праз некалькі дзён Швэйк да Гаршыны, які зноў зьбіраўся зрабіць візіту сваім колегам офіцыянтам, што кармілі яго з пачуцьня солідарнасьці. — Тавару ў мяне нарыхтавана шмат, і ён падае ў цане. А хлеб усё даражае, сала — таксама, і чым далей, тым цяжэй будзе што-небудзь купіць.

— Добра, прадавай, — мудра заўважыў Гаршына, — але глядзі, язык трымай за зубамі. Учора ўвечары ў расторане расказвалі, нібы ў Петраградзе ўспыхнула рэволюцыя. Офіцыянты штосьці гэтакае чулі, нібы там стралялі і цяпер яшчэ страляюць. Можа быць, там адбываецца галодны бунт?

— Тут таксама ўсё варушыцца, — адазваўся Швэйк. — Невялікая заваруха магла-б пачацца і тут. Ну, але я ўмешвацца ні ў вошта ня буду, буду трымаць нэўтралітэт. Пачакай, я пайду з табою разам.

Яны пашлі поплеч у горад па гразкай дарозе, на якой раставалі кучы сьнегу.

— Так што, калі што здарыцца, пастарайся ня ўлопацца ў гісторыю, — зноў пачаў Гаршына пераконваць Швэйка, бачачы казачыя разьезды, якіх дагэтуль у горадзе ня было.

— Ну я-ж ня гэтакі дурань, і розуму ў мяне ў самога на гэта хопіць, — адказаў яму Швэйк. — Я табе кажу, што буду нэўтральны. Можа-ж са мною ня здарыцца гэтак, як з нейкім Губачакам, якога я спатыкаў у Кашыршы ў карчме «Млын». Нейк раз паспрачаліся між сабою ў гэтай самай карчме Губа-