Старонка:Svejk.6.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і расійскія мужыкі, падпёршы рукою шчокі, уважліва слухалі, устаўляючы сягды-тагды свае заўвагі.

— Вось дык начальства ў нас, маць яго!..

— Ён, падла, забаўляецца, а людзі за яго на фронце ўмірай!..

— Бач ты! А яшчэ царыца! Немка праклятая, каб на яе халера!

— Вось, вось! У Пецярбурзе шашні разводзяць, а цябе тут у акопах вошы ядуць!

— Не, трэба канчаць вайну! Перабіць усё начальства і пайсьці дадому!

Праўда, гэтак салдаты гаварылі толькі паміж сабою, не паказваючы і выгляду перад унтэрамі або афіцэрамі. А пасьля гэтакіх гутарак яны ішлі ў барак і сьпявалі народны гімн. Унтэр-афіцэр Ананьін, пад начальствам якога была варта, што займала разам з палоннымі адзін барак, быў вельмі набожны і адданы свайму монарху.

Ён прызнаваў толькі сьпірытус, гадзячыся палітуры, і марыў пра тое, што неўзабаве зноў дазволяць продаж гарэлкі і можна будзе напівацца да самага нельга, каб адчуваць сябе добра на сьвеце. У хвіліны асаблівага ўзьнятага настрою, ён стараўся дастаць хоць-бы бутэльку самагону, які ён піў проста з горла. І тады, ня гледзячы на ўсю сваю адданасьць цару, ён ня мог утрымамца, каб не падумаць сам сабе: «А толькі дарма ён вайну ўздумаў і гарэлку забараніў, маць яго разтак».

Расійскія газэты пачалі пісаць усё вастрэй і сьмялей. У арміі тлеў дух абуранасьці і газэты яго падтрымлівалі. Аднойчы, калі Гаршына чытаў голасна артыкул, што патрабаваў перадачы ўсёй улады народнаму прадстаўніцтву, і салдаты паставіліся спачувальна да гэтае думкі, у барак увайшоў прапаршчык Вараб’ёў.

Паглыбіўшыся ў газэту, ніхто яго не заўважыў. Ён спыніўся ззаду за салдатамі і прыслухаўся да заўваг, што падаваліся на гаршынаву чытанку.

— Бач, гад які выявіўся, Сухамлінаў, маць яго!..

— Ну, але кажуць, цяпер хутка вайне канец. Усё немцам прададзена.

— Вядуць нас проста як жывёлу ў разьніцу!