Старонка:Svejk.6.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чалавек, што сапраўды меў справу з асламі, апісаў-бы гэта зусім іначай і куды больш праўдзівей: як асёл, адчуўшы на сабе залішне вялікі цяжар, спыняецца, і ня ідзе далей, як ён пачынае брыкацца, калі яго пачынаюць вельмі паганяць кіем, і як ён, нарэшце, налаўчыўшыся, б’е свайго гаспадара капытамі між вачэй, скідае з сябе груз і ўцякае ў поле.

Дачыненьне народаў і армій да вайны было якраз гэтакае-ж, як у асла ў хрэстаматыі да грузаў, які ўсё зноў і зноў накладалі на яго. Гэта таксама былі ўсе нібы «глупствы», але іх прымалі далёка не спакойна. Пасьля пяцьдзесятага «глупства» эўрапэйскі асёл занатурыўся. І перш за ўсё ў Расіі, бо там ня было гэтак многа соцыял-дэмократаў, якія ўзялі-б асла за павады і пачалі-б яго ўгаворваць ісьці далей, бо яго цяжар яму вельмі да твару і выгода яго гаспадара ёсьць і яго выгода, бо калі гаспадар заробіць, дык пабольшыць жменю сена і свайму аслу. Там, у Расіі, асёл ішоў толькі з сваім кармільцам-гаспадаром, царскім урадам, які не шкадаваў кія, як толькі заўважаў, што асёл зьменшвае крок. Уся бяда для расійскага ўраду была ў тым, што ён ня здолеў штучна разьвесьці ў сябе пароду соцыял-дэмократаў. Калі-б ён здагадаўся вывесьці іх, як куранят у інкубатары, Мікалай II і цяпер спакойна панаваў-бы ў славу божыю і на шчасьце свайго народу.

А ўся рэшта Расіі была-б тым аслом, які здыхае.


*

Забойства Распуціна, чалавека, што, дзякуючы свайму сьцьвярджэньню, нібы яму зьявіўся бог, зрабіўся за фаворыта царыцы і яе пяці дачок і за духоўнага ўцяшальніка ўсіх прыдворных дам, дух якіх ён узносіў да нябёс прынцыпіяльна толькі ў пасьцелі, ускалыхнула ўсю Расію, як буйны віхор калыша магутны дуб з падгнілымі каранямі. Гэта здарылася якраз у тую зіму, калі Швэйк, што быў пакінены ўсімі сваімі таварышамі, заядла вырабляў алюміневыя пярсьцёнкі. Няпісьменныя расійскія салдаты зьбіраліся вечарамі навокал Гаршыны, які прыносіў ім газэты. Ён чытаў ім голасна доўгія артыкулы наконт забойства гэтага чалавека, якога вызнавалі каб траха дык за сьвятога, чытаў усе гэтыя здогадкі і меркаваньні пра мотывы забойства,