Старонка:Svejk.6.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

фэльдфэбель, узводны, капрал, яфрэйтар. Тут яна ўжо зусім засумавала і шэпча: «Не, не, ня тое». Нарэшце я з роспачы кажу: «Можа ён барабаншчык або гарніст?» Дык яна як гукне: «Вось, вось, гэта самае! Ён нам гэтак і пісаў» — што ён гарніст».

Швэйк разьлёгся на нарах і глыбока ўздыхнуў:

— Эх, каб чалавеку ведаць, што яго чакае і чаго ён ня міне!

15

ШВЭЙК РОБІЦЬ РЭВОЛЮЦЫЮ

Я нагэтулькі сьмелы, што дазволю сабе сьцьвярджаць вось што: аўтары падручнікаў, на якіх вучыліся мы і наша пакаленьне, былі фэномэнальныя ідыёты. У жыцьці ўсё выходзіць іначай, ніж тое, што вычытваюць дзеці з кніг, напісаных мудрымі старымі і акадэмікамі, для асьветы юнацтва і на славу айчыны і дынастыі.

Напрыклад, у той час, калі я вучыўся ў пачатковай школе, у нашай хрэстаматыі было апавяданьне пад загалоўкам: «Сотня глупстваў замучыла асла да сьмерці».

Гэтае апавяданьне напісаў няйначай куды большы асёл за таго, пра якога ішла гутарка; а тымчасам, за аўтара яго быў даволі выдатны пэдагог. Сюжэт быў гэтакі: гаспадар павёз на сваім асьле продукты на рынак. Па дарозе знайходзіць шмат рэчаў, якія здаюцца яму патрэбнымі для продажу. Ён зьбірае іх і нагружае на асла, прыгаворваючы: «Гэта-ж глупства гэтага мой асёл нават і не адчуе». Нарэшце гэтая сотня глупстваў давяла да таго, што асёл пад цяжарам іх упаў і здох.

Відаць, аўтар гэтага навучальнага апавяданьня ніколі не спатыкаў сапраўдных, чатырохногіх аслоў, або думаў, што ўсе вучні будуць з цягам часу за чыноўнікаў падатковага кіраўніцтва, якія будуць душыць народ непасільнымі падаткамі. А можа ён хацеў папярэдзіць іх, што яны самі ператворацца ў выплатнікаў падатку, і даць ім прыклад, як яны павінны будуць пакорліва і моўчкі нясьці на сабе падатковы цяжар, пакуль не ўпадуць і ня здохнуць?.. Словам, і так, і гэтак — надзвычай узвышаная тэндэнцыя, мораль якое павінна быць захаванай у памяці.