Старонка:Svejk.6.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля ён упаў у доўгі одум і, здавалася, не заўважаў Швэйка, які стаяў перад ім. І толькі калі той грукнуў цяжкімі ботамі і ўдала аддаў чэсьць, прапаршчык сказаў:

— Ну, ідзі.

У сенцах Швэйк спыніўся і прыслухаўся: прапаршчык высьвістваў «Марсэльезу».

На запытаньне Гаршыны, хто яго гэтак згвалтузіў, Швэйк адказаў:

— Тут у нас зноў адбылося маленькае непаразуменьне, гэта значыцца, у мяне з адным папом, што хацеў паказаць мне сваю інтэлігентнасьць. Ён уздумаў украсьці ў мяне пярсьцёнкі і адгаворваўся тым, што на іх ёсьць крыжыкі. А я яму растлумачыў, што ня ўмею чытаць, што я няпісьменны; ну, бабы мяне за гэта і памялі. Але затое папу паказалі салдаты, што такое інтэлігентнасьць. Калі я працаваў у шахтах, там таксама здарылася штосьці падобнае. Наогул, на сьвеце ёсьць шмат такога, што вельмі падобна адно на адно, але толькі парознаму завецца. І кожны называе гэта так, як умее.

Швэйк падзьмуў на сваю падзёртую руку і гаварыў:

— Прыехаў нейк да нас на работы старшы інжынэр з адным вышэйшым чыноўнікам з судзейскіх і пачаў паказваць яму шахту. А калі прайходзілі паўз стайні, інжынэр і кажа: «Давайце, зойдзем сюды. Я пакажу вам нязвычайна інтэлігентнага каня». Былі там усялякія коні і між іншага побач у праварынах — вараны і сівая кабыла. «Дайце кабыле сена. Кіньце сена на паддогу» — кажа інжынэр да канюха. Той кінуў бярэмя, і кабыла пачала есьці. Але тут вараны прасунуў нагу пад перагародку і да тых часоў згрэбаў сена, пакуль яно не апынулася ў яго; тады пачаў жаваць яго, а кабыла толькі тупа паглядвала. «Сапраўды, якая здагдлівая жывёла» — сказаў судзейскі, а інжынэр дадаў: «Так, наш вараны, можна сказаць, інтэлігентная жывёліна». Канюх Фрушэк на гэта скрывіўся, і ён дазволіў сабе зьвярнуцца да судзейскага з маленькаю заўвагаю: «Але, вараны заўсёды гэтак робіць, і мы лічым яго за гэта проста за спрытнага злодзея. А вось цяпер я першы раз чую, што гэта інтэлігентны ўчынак. Ну, а што пане райца, калі я выцягну ў вас гадзіньнік, вы таксама скажаце пра мяне, што я выявіў вялікую