Старонка:Svejk.6.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Бацюшка, га бацюшка, вы-ж хлусіце! У газэце пішуць зусім ня гэтак, але толькі я не магу прачытаць што.

— А я-ж вам казаў, што трэба біць доўгагрывых! — зноў гукнуў, выскачыўшы наперад перад бацюшкам, той самы хлопец, што ўжо раз прапанаваў гэтакі спосаб узьдзейнічаньня. — Чаму ён паказвае чалавеку, які ня ўмее чытаць, газэту? Глядзі, хлопцы, гэты аўстрыяк па-расійску ня ўмее чытаць, а поп яму кулі залівае… Аддавай пярсьцёнкі, а не дык!..

І ён моцна рвануў бацюшку за руку.

— Ой, праваслаўныя! Ой, б’юць, забіваюць! Гвалт! — заенчыў бацюшка. Кірмаш заварушыўся, і людзі, не разабраўшыся, што за справа тут, палезьлі адзін на аднаго з кулакамі. Бабы зьбілі Швэйка з ног, лаючыся на чым сьвет стаіць, а салдаты атакавалі баб і прымусілі іх уцякаць. Падасьпела паліцыя і разагнала натоўп і затрымала тых, праз каго пачаўся гвалт.

Добра такі натузанага бацюшку, у сінякох і гузох, пасадзілі на рамізьніка, які заўважыўшы, што з бацюшкавае кішэні тырчаць пярсьцёнкі, не пасаромеўся іх прысвоіць. А ўдалага ваяку Швэйка завялі проста пад аховаю штыкоў у канцылярыю да прапаршчыка Вараб’ёва.

Прапаршчык, які працаваў да прызваў за інжынэра на аднэй з фабрык у Варшаве, зацікавіўся швэйкаваю справаю. Ён загадаў яму падрабязна расказаць, як усё было, што сказаў бацюшка, як трымалі сябе салдаты і што яны крычалі да таго, калі пачалі біць папа, і чаму, як думае Швэйк, яго наогул білі. Нарэшце ён запытаў Швэйка:

— А як ты думаеш, чаму цябе самога не пабілі?

— Не магу знаць, ваша благародзьдзе, — адказаў Швэйк фразаю, якую чуў ад расійскіх салдат, — але думаю, што яны мяне ня білі таму, што хочуць жыць з намі мірна. Яны ня любяць начальства, бо ведаюць, што хто стаіць над імі, той з іх зьдзекуецца. У нас, дазвольце далажыць, гэтых дармаедаў папоў таксама ня любяць.

Прапаршчык глянуў на Швэйка павесялелымі вачыма і сказаў па-нямецку:

— Можаш ісьці. А здорава цябе бабы патузалі.