Старонка:Svejk.6.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны, зьлёгку насядаючы на папа, прымусілі яго падыйсьці шчыльна да Швэйка, гаворачы:

— Аддайце, бацюшка, пярсьцёнкі, або плацеце грошы. Эй, чуеш, аддайце!..

Да папа з пагрозаю працягнуць з два дзесяткі рук. Тады ён палез у кішэню расы, але дастаў адтуль не пярсьцёнкі, а нумар «Биржевых ведомостей». Разгарнуўшы яго, ён салодкім голасам запытаў Швэйка, паказваючы на портрэт:

— Хто гэта? Ты яго ведаеш?

— Гэта наш нябожчык імпэратар, — спакойна адказаў Швэйк.

— Так, так, — згодзіўся поп, — гэта ваш цар. Ён памёр. Чаму-ж ты ня молішся ў царкве за яго душу, а гандлюеш на рынку пярсьцёнкамі? Чаму ты ня носіш жалобы па ім?

Усе навокал прыціхлі. Справа пачынала быць цікаваю. Бацюшка, упэўнены што ён перамог, паказаў на зьмешчаны побач портрэт:

— Ну, а гэтага ведаеш?

— А як-жа! Гэта кандыдат на трон, эргэрцог Карл, — сказаў Швэйк і неабдумана дадаў: — Ён мне сваімі рукамі начапіў мэдаль, так што нават усе грудзі мне пакалоў.

— Значыцца, ён падараваў табе мэдаль за тое, што ты ў нашых страляў? — з адмысловым націскам сказаў бацюшка, хітра падміргнуўшы салдатам. — За каго-ж ты цяпер стаіш? За Франца-Юзафа, ці за Карла?

— За Карла, — простадушна адказаў Швэйк. — Кожны салдат павінен стаяць за свайго цара.

Бацюшка, убачыўшы, што мужыкі гатовы павалтузіць Швэйка за бакі, урачыста тыкнуў пальцам у адно месца ў газэце і крыкнуў:

— От бачыце, хлопцы! Ён стаіць за свайго цара Карла, які які хоча ваяваць з намі пакуль не пераможа нас. Пра гэта ў газэце пішуць.

Хтосьці добра даў Швэйку ззаду па карку. Бацюшка пачаў ціснуцца праз натоўп, мяркуючы, што Швэйк застанецца адзін расхлёбваць кашу. якую ён заварыў. Але ў гэты момант пачуўся Швэйкаў голас: