Старонка:Svejk.6.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму ты не пашоў з сваімі таварышамі? Чаму ты не за адно з інтэлігенцыяй.

А ўдалы ваяка Швэйк прыклаў руку да казырка і простадушна адказаў:

— Так, што дазвольце далажыць, ніяк не магу. Я слабога розуму. Зусім слабога! Сапраўдны дурань, — растлумачыў ён прапаршчыку, калі той праўцом пачаў глядзець на яго. — Я тут ні прычым; у мяне ёсьць офіцыйная папера з вайсковай службы, што я — слабога розуму.

— Ну, тады, браце, ідзі ў барак, — нечакана сказаў прапаршчык, — ідзі адпачні.

Прапаршчык глядзеў яму ўсьлед, пакуль той ня зьнік за дзьвярыма, якія адчыніў перад ім вартавы; а пасьля ён вярнуўся да палонных, што выстраіліся ў шэраг.

— Значыцца, вы думаеце, што вы — інтэлігенты? Ну, дык я вам скажу, што вы такое! Сьвіньня вы, сьвіньня! Пацяруха сабачая — от вы што! — узбуджана гукнуў ён, з нянавісьцю гледзячы на іх. — Вы думаеце, што раз вы яфрэйтар, або унтэр-афіцэр, або студэнт, дык вам ня трэба працаваць? У сарцір вы больш ня ходзіце, а паскудзіце тут-жа, ля баракаў, топіцеся ў сваім уласным гнаі, і хутчэй згодзіцеся зьмерзнуць, як накалоць сабе дроў? Вы — палонныя, а хочаце жыць у нас, як дзеці ў нянькі! Вы — людзі адукаваныя, інтэлігентныя, але глядзеце, не перабярэце цераз край! Вось, бачыце: дзьвесьці чалавек заявілі, што яны — адукаваныя і унтэр-афіцэры, а чаму? Таму што яны гультаі і абібокі. І сярод вас знайшоўся толькі адзін, які не баіцца работы… Але я вас навучу працаваць, — не сваім голасам гаркнуў ён, — бо кожны чалавек павінен працаваць. Няўжо вы, дзьвесьце чалавек, чакаеце, што на нас будуць рабіць двое, ці трое?!

— Гэй, хлопцы! — гукнуў ён да казакоў. — Палавіне з іх выдаць лапаты і мётлы, а другая палавіна будзе калоць і цягаць дровы. І каб у мяне ўвечары тут ня было ні пылінкі, каб уборныя былі вычышчаныя і пасыпаныя пяском, а унь тыя дровы, — ён паказаў на вялікую сьцірту ля самай дарогі, — каб былі паколаты і складзены ля баракаў. А хто ня будзе працаваць, таго на маю адказнасьць лупцаваць нагайкамі!