Старонка:Svejk.6.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ўдзеле ў нападзе на іх. Ва ўсе бакі ляцелі кавалкі цэглы, пустыя бочкі з глухім звонам стукаліся аб моцныя галовы, і жалезная скаварада замяніла набой з 42-сантымэтровае гарматы. А пасьля ў справу ўмяшаліся канвойныя салдаты, спрабуючы разагнаць раздражненых байцоў.

Але басьнякі біліся, як львы, і вольнапісаныя — чэхі павярнулі свой фронт нават супроць расійцаў. Іх адціснулі і нават зьлёгку павалтузілі, так што ўзводны пабег да прапаршчыка па інструкцыі, што далей рабіць.

— Плюнь ты на іх! — адмахнуўся ад яго прапаршчык. — Заўтра я з імі сам пагавару, а каго трэба — аддам пад расстрэл. А цяпер з-за гэтых гадаў ня варта зноў абуваць боты.

З самага ранку прапаршчык явіўся ў барак сьвежа-выгалены, ветлівы, з прыемнай усьмешачкай на твары. За ім увайшлі чалавек дванаццаць казакоў з нагайкамі, але бяз стрэльбаў, і прапаршчык соладзенька сказаў:

— Вы, галубочкі, учора тут бунтаваць уздумалі? Ну, нічога! Вы-ж тут гультуеце, і ў вас кроў гуляе. Ведаю, ведаю, панове, што вы ўсе — людзі інтэлігентныя, людзі, так сказаць, з інтэлігентнага сьвет… Дык вось прашу выйсьці на двор. Прашу, панове ўнтэр-афіцэры!

Зьдзіўленыя ад гэтакае ветлівасьці, палонныя вышлі на двор, а прапаршчык зьвярнуўся да наступнае групы ваеннапалонных:

— І вы таксама калі ласка на хвілінку на двор. Я ўпэўнены, што і сярод вас ня мала інтэлігентаў і унтэр-афіцэраў.

Калі ўсе гэтакім чынам вышлі з баракаў, прапаршчык зноў далікатна сказаў:

— Усіх адукаваных і ўсіх, хто мае які-небудзь унтэр-афіцэрскі чын, я прашу, будзьце ласкавы, перайсьці сюды, на левы бок.

Нават калі-б у ваеннапалонных ня было прычын меркаваць, што іх, як інтэлігентаў і адукаваных, не пашлюць на работу і не пакараюць, усё-ж холад быў гэтакі люты, што яны ўсе пасьпяшылі перайсьці на паказанае месца, дзе ня гэтак дзьмуў вецер. Яны рушылі ўсёй грамадою, і на старым месцы астаўся, як пень у лесе, адзін удалы ваяка Швэйк.

Да яго падышоў прапаршчык і запытаў: