Старонка:Svejk.6.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
*

Прапаршчык Вараб’ёў, камэндант баракаў для ваеннапалонных у Гомелі, быў з немцаў: яго продак перасяліўся ў Расію пры Пятры I, і, хоць нашчадкі пагэтуль абруселі, што нават зьмянілі прозьвішча «Шпэрлінг» на «Вараб’ёвы», усё-ж у прапаршчыка захавалася разам з нямецкай крывёю чыста нямецкая дасьціпнасьць. Бачачы тое, як апушчана, брудна і гадка навокал баракаў, ён пачаў прыдумоўваць, якім-бы чынам прыцягнуць людзей да работы. Пагнаць на яе насельнікаў баракаў ён ня меў права; яны былі запісаны дабравольцамі ў «легіёны», і прапаршчык, ненавідзячы іх ад усяе душы, дарэмна стараўся знайсьці гэтакае выйсьце, каб, з аднаго боку, прымусіць «паноў вольнапісаных» працаваць, а з другога — не парушыць пастановаў закону.

Матэрыял, што быў ім атрыманы ў асобе расформаванай 208-й рабочай дружыны, абсалютна ні на што ня быў годны. На дварэ былі ўжо марозы, а гэтыя людзі былі босыя і голыя. Салдат, якога ён пасылаў па людзей з мётламі і лапатамі, варочаўся кожны раз з аднолькавым адказам:

— Так што ніяк нельга, ваша благародзьдзе. Памерзнуць.

І, на яшчэ большую прыкрасьць прапаршчыку, салдат дадаваў, што, калі прайходзіў па шэрагах ваеннапалонных, адно і чуваць было:

— Я унтэр-афіцэр, я вольнапісаны; мы працаваць ня будзем.

У той час, чакаючы прыезду нейкага важнага саноўніка з чырвонага крыжу, прапаршчык дайходзіў да поўнае роспачы. Басьнякі заняліся гэшэфтмахерствам. Яны куплялі на рынку сьвініну, смажылі яе і прадавалі кавалачкамі ў іншыя баракі.

— Сьвініна смажаная, сьвініна! Каму сьвініны! Сьвін!..

Басьняку гэтак і ня прышлося дагаварыць. Нечакана, нібы з неба, на галаву яму ўпала цэгла. Басьняк выпусьціў з рук скавараду, пабег, абліваючыся крывёю, да сваіх і расказаў ім, што аўстрыякі хацелі яго забіць і адабраць ад яго сьвініну.

Сапраўды, мяса кудысьці зьнікла, і ў бараку пачалася бойка. Басьнякі распачалі наступ ня толькі на аўстрыякаў, але і на чэхаў, што зьмяшчаліся над імі, якіх яны вінавацілі ў здрадзе