Старонка:Svejk.6.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ноўны эскулап, трымаючы перад сабою хлеб. — Шаноўныя панове! Нашаю мэдычнаю навукаю было як мае быць даведзена, што дзеля спажыўнасьці чалавеку на працягу сутак даволі восемдзесят грамаў бялкоў, дзесяць грамаў тлушчаў і трохсот грамаў вугляводаў. Вельмі цікавая тая акалічнасьць, што нават хлеб, які складаецца не на трыццаць пяць, а на ўсе пяцьдзесят процантаў з хваёвага пілавіньня, можа падтрымліваць сілы чалавечага організму. Гэтакі якраз хлеб пачалі спажываць у Нямеччыне, і калі гэты спосаб выпечкі хлеба пашырыцца ў нас, дык перамога няйначай будзе на нашым баку, бо лясныя багацьці хваёвых парод у Расіі і Сібіры нявычэрпныя і, такім чынам, харчаваньні арміі і тылу зусім забясьпечана.

Доктар скончыў сваю лекцыю і перадаў хлеб Швэйку. Той, бяручы акраец, узяў пад казырок і весела сказаў:

— Так што дазвольце далажыць, яно сапраўды так. Але вось які выпадак быў з панам Маршалэкам у Янавіцы, які задумаў зрабіць у сябе ўзорную фэрму дзеля гадоўлі сьвіней. Гэта быў вучоны чалавек, ён скончыў аграномічны інстытут і гаварыў, што ў цяперашні час да ўсяго трэба дапасоўваць навуковыя мэтоды. Ну дык вось, ён пачаў наглядаць, колькі парасята зьядаюць малака, кашы і бульбы, і заявіў: «Гэтулькі-ж спажыўных рэчаў, колькі ўва ўсім гэтым, ёсьць у палавіне курынага яйца. Дык на якое ліха паліць дровы і цягаць ваду, калі тое-ж самае можна даць, так сказаць, у аблатцы». І ён стаў варыць сьвіням яйца, — па поў яйца ўсьмятку парасятам і па цэлым яйцу вялікім сьвіням. Што-ж вышла! Парасяты ўсе падохлі, а сьвіньні з голаду выперлі дзьверы ў сьвінушніку і здрасавалі ў яго ўвесь агарод.

Старая графіня дала Швэйку яшчэ адну трохрублёўку, за якую той ёй ужо больш не цалаваў у руку. Заўважыўшы галуны на Марэкавай жыкетцы, яна зьбянтэжана сказала:

— Ах, вольнапісаны, я вам яшчэ нічога не дала! Калі ласка, вазьмеце.

Яна дастала з пачка дзьве паперкі і працягнула іх Марэку. Той не паварушыўся, а Пісклявы злосна прашыпеў за яе сьпіною:

— Не бяры, не бяры. Няхай самі жаруць у Аўстрыі. Няхай удавяцца сваімі грашыма.