Старонка:Svejk.6.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Старую гэтак затузалі ўсялякімі пытаньнямі, што баронэса палічыла патрэбным прысьці ёй на дапамогу. Яна прыбрала хустачку ад рота і пачала таксама адказваць, дадаючы да словаў усьмешку пульхных губ і пабліскваньне белых зубоў.

Нарэшце старая адчыніла портфэль, дастала пачак трохрублёвак і, трымаючы яе над галавою, гукнула:

— Салдаты, жадаем вам добрага здароўя. Нам трэба ісьці далей, да вашых таварышоў. Вось, салдаты, тут кожнаму па аднэй паперцы, каб вы бачылі, што Аўстрыя на вас не забылася.

Яна пачала раздаваць трохрублёўкі правай рукою, працягваючы яе ў той-жа час для пацалунку.

— На папяросы, салдаты, на хлеб! — і вашывыя байцы «непераможнай» аўстрыйскай арміі, расчуленыя як малыя дзеці, бралі гэтыя грошы і выціралі рукавом кроплі з сваіх насоў.

І тут таксама памагла баронэса. Яна дастала з свайго портфэля другі пачак і пачала раздаваць грошы тым, хто схлупіўся навокал яе; пры гэтым, аднак, яна ня соўвала гэтак заядла руку дзеля пацалунку.

Скончыўшы раздачу грошай, дамы запыталі, ці няма яшчэ якіх-небудзь скаргаў. Камэндант з свайго боку запатрабаваў, каб ваеннапалонныя выказалі свае прэтэнзіі. Выявілася, што людзі нездаволены хлебам, у якім было зашмат ужо высевак і атрубоў. Баронэса ўзяла пададзены ёй акраец у рукі, адламала ад яго маленькі кавалачак і сунула яго ў рот. Тое-ж самае зрабіла і графіня. Пасьля іх паспытаў хлеб доктар, вядомы сярод палонных сваімі гліцарынавымі лекамі; ён надзьмуў шчокі і прачытаў цэлую лекцыю.

— З пункту гледжаньня тонкага гастранома, — гаварыў ён, — можна было-б, бадай, сёе-тое сказаць супроць гэтага хлеба. Але з пункту гледжаньня доктара і наогул мэдыцынскай навукі супроць яго нічога нельга сказаць, бо яго зусім даволі дзеля абмену сокаў у організмах ваеннапалонных. Гэты хлеб мае ў сабе, ня гледзячы на тое, што ён гэтакі цяжкі…

— … што ім льга карміць толькі сьвіней! — ціха заўважыў хтосьці з ваеннапалонных.

— … У ім даволі патрэбных дзеля спажыўнасьці організму вітамінаў, бялковых элементаў і вугляводаў, — гаварыў далей ша-