Старонка:Svejk.6.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Марэк, стараючыся стрымлівацца, упарта глядзеў сабе пад ногі. Баронэса, зьбянтэжыўшыся ад таго, што знайшла сярод ваеннпалонных чалавека, які трымаўся незалежна і нават горда, дастала дзесяцірублёўку і, дадаючы да сваіх словаў самую цудоўную ўсьмешку, сказала:

— Вось, вазьмеце і ад мяне. Гэта не падачка. Гэта — выказваньне падзякі. Я ведаю, вы заслужылі шмат больш. Але бацькаўшчына ўзнагародзіць вас, калі вы вернецеся. Доўга чакаць цяпер ужо вам не давядзецца. Наша войска ўсюды адкінула ворага за дзяржаўныя межы.

— За якія? За якія гэтакія межы! — перапытаў Марэк, нібы ў сьне.

Усьмешка баронэсы стала больш чым цудоўная.

— Ну, так, за межы, — яшчэ раз сказала яна.

— Якія, трасца матары, межы! — гукнуў раптам Марэк, вырываючы з рук дам грошы. — Якія гэтакія межы, пытаю я? Няма ніякіх меж! У Бродах, я гэта бачыў сваімі вачыма, як ляжаў ля пагранічнага слупа! Сам я ляжаў у Аўстрыі, а перада мною Расія. У гэтым месцы сыходзіліся тры дзяржавы, і іх уладаньні аддзяляліся «граніцай». І вось перада мною вылез з зямлі на аўстрыйскай тэрыторыі дажджавы чарвяк і цераз пяць сантымэтраў зноў урыўся ў зямлю. Гэтакім чынам палавіна чарвяка была ў Аўстрыі, а другая ў Расіі. Што-ж, на чалавека ёсьць межы, нейкія граніцы, а на чарвяка — няма? Зайцу ёсьць толькі адзін лес, жаўранку — толькі поле! І толькі людзі стварылі сабе на зямлі перагародкі і межы! Граніцы? Няма ніякіх граніц! Усё гэта адно ашуканства, якое вы самі выдумалі! Ёсьць толькі адзін неабдымны, прыгожы сьвет!

Марэк зьмяў грошы і кінуў іх старой графіне ў твар. Усе навокал пабялелі і адчулі сябе вельмі няёмка. Толькі Пісклявы крыкнуў тонкім голасам:

— Брава!

Першы адумаўся пасьля зьбянтэжанасьці камэндант. Ён павярнуўся да расійскага фэльдфэбеля:

— Канвойных сюды! — і, калі тыя падбеглі з стрэльбамі, ён загадаў, паказваючы на Марэка: — Пад арышт! Заўтра прывесьці яго пад канвоем да мяне!