Старонка:Svejk.6.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шахматныя фігуры, табакеркі, партабакі і вееры, інтэлігенты ляжалі на баку. Уся інтэлігенцыя як чэская, гэтак і нямецкая, гніла ў палоне зажыва. Фізічнаю працаю яна ганьбавала, а разумовае ня было. Інтэлігенты цэлымі днямі валяліся на нарах, лічачы за вялікую працу пайсьці па чай, за цяжкую неабходнасьць пайсьці і пасядзець у ўборнай і за нячуваны геройскі ўчынак — біць на сабе вошы. З гэтай прычыны сярод палонных лёгка льга было распазнаць чалавека з інтэлігенцыі: гэта былі самыя вашывыя з усіх. І востры народны розум стварыў, на грунце гэтых нагляданьняў, афорызм: «Чым большая адукаванасьць, тым большыя на ім вошы».

Паводле гэтага, у некаторых лягерах вошы разьмяркоўваліся па разрадах. Іх называлі, гледзячы на вялічыню, «мужычымі», «настаўніцкімі», «профэсарскімі», «афіцэрскімі» і «генэральскімі». І хто лавіў на сабе дзьве «генэральскія», упэўніваў, што будзе запрагаць іх у фаятон.

Але да самагубства з прычыны празьмернага задаваленьня жыцьцём справа амаль не дайходзіла. Людзі проста прывыкалі да гэтакага нуднага жыцьця, або пускаліся ў самыя дурныя авантуры. Яны заводзілі інтрыгі наконт каханьня, якія канчаліся звычайна вэнэрычнымі захворваньнямі, наладжвалі бойкі, займаліся плёткамі і апалоскваньнем чужых касьцей — страшныя адзнакі і вынікі вымушанага гультайства і таго, што людзі псуюцца. Жыцьцё страшна ажывёлілася, цела зрабілася вялае і слабое. Ніхто не хацеў палец аб палец стукнуць, а з прычыны таго, што вольнапісаныя і унтэр-афіцэры былі вызвалены ад працы, дык зьявілася шмат фальшывых, насьпех сфабрыкаваных чыноў. За два тыдні, у бараку, куды зьмясьцілі адных радавых, усе ўвабраліся ў зоркі і ў жоўтыя нашыўкі… А нарэшце, калі нават гультайства ўсім дадзела, людзі пачалі запісвацца дабравольцамі ва ўсялякія «легіёны», абы толькі мець новыя ўражаньні, кінуцца ў авантуру, паспрабаваць чагосьці гэтакага, пра што яшчэ ня было вядома, як яно будзе. Але формаваньне гэтакіх «легіёнаў» крыху замарудзела, дык хто запісаўся ў іх за дабравольцаў, аставаліся гнісьці ў бараках і толькі ў кожным выпадку падкрэсьлівалі, што яны інтэлігенты і таму могуць і не працаваць.