Старонка:Svejk.6.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Трэба глянуць, што робяць мае землякі, — сказаў Швэйк і адразу палез на гару.

Там яго спаткалі няветліва.

— Чаго табе?

— Люблю землякоў, браткі, — прызнаўся Швэйк. — Я ўпэўнены, што знайду сярод вас знаёмых. Ці няма тут каго-небудзь з Прагі?

— Не! — адказалі ўсе разам.

— Шкада! — сумна сказаў Швэйк.

Той, што яго аблаяў, сказаў:

— Ну, цяпер вымятайся. У нашай кампаніі табе няма чаго рабіць. Прыходзь, калі-ў цябе у мазгох паясьнее. А не, дык ураз зубоў не далічышся!

— З гэтымі зубамі, — ласкава падаў голас Швэйк, — ты мне нагадваеш фэльдфэбеля Боўжэка з 6-й роты. Той таксама гаварыў з радавымі: «Ну, зьлічыў? Лічы, лічы рэбры, а не, я іх у цябе пералічу!» Ці ня быў ты часамі за фэльдфэбеля ў аўстрыяцкай арміі, браце?

У адказ на гэтае пытаньне Швэйка на карачках спусьцілі з нар. А той, у каго ён пытаўся, грозна гукнуў:

— Сказалі табе, ня лезь да нас, ганебны падзёншчык. У нас усё толькі інтэлігенцыя! Пачакай адно, прыдзем у Прагу, тады з вашым братам расправімся.


*

Калі Швэйк вярнуўся да сваіх таварышоў, ён паведаміў:

— Тут сядзяць басьнякі, з якімі я пагаварыў сардэчна, і чэхі, з якімі я ніяк ня мог згаварыцца.

Калі жыцьцё не дае чалавеку ніякіх радасьцяй, ён робіцца апатычны і гультаяваты. А з тэй прычыны, што ў палонных адзін дзень быў шэры і аднастайны за другі, яны пачалі нарэшце гэтак абыякава глядзець на ўсё навакольнае, што набылі здольнасьць дваццаць чатыры гадзіны ў суткі ляжаць на нарах і тупа глядзець у столь. І чым вышэйшы быў грамадзкі стан, які займаў палонны, чым больш адукаваны ён сам быў, тым больш апатычны і гультаяваты ён рабіўся. У той час як былыя рабочыя, рамізьнікі, рамесьнікі і сяляне вырэзвалі сьцізорыкамі