Старонка:Svejk.6.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эй, ты, аўстрыяцкі найміт, які нават у палоне трымаецца імпэрскае цэшкі на шапцы, да нас ня лезь. Мы ня хочам гутарыць з кожным сабакам. У морду хочаш? Валі ад нас!

— Вельмі добра вы гэта сказалі, — спачувальна заўважыў Швэйк.

— Гэтак яно і павінна быць. Прынамсі адразу ведаеш, у чым справа.

І, не бяручы пад ўвагу іхнюю лаянку і злоснае паплёўваньне, ён палез на нары да тутэйшых тубыльцаў.

Гэта былі басьнякі. Убачыўшы, што ў яго самыя мірныя намеры і што ён ня зьбіраецца іх абкрасьці, яны далі яму гаварыць. Выявілася, што яны таксама былі на рабоце, але цяпер яны запісаліся ў «Сербскі легіён» і чакалі тут калі іх накіруюць на фронт. І, паведамляючы яму пра гэта, яны паважна пакіўвалі галовамі:

— Мы будзем ваяваць за караля Пятра.

— Але, але, браткі, — падтрымаў іх Швэйк, — кожны павінен ваяваць за свайго караля. Калі ідзе вайна, трэба ваяваць, а ня біць бібікаў у лягерах. Каралёў на сьвеце — колькі хочаш, і кожнаму з іх прыемна, што дзеля яго людзі забіваюць адзін аднаго.

Басьнякі былі надзвычай расчулены тым, што Швэйк іх пахваліў; яны пачаставалі Швэйка чаем і, абнімаючы яго за шыю, усё гаварылі:

— Мы будзем ваяваць за караля Пятра. Хадзем, браце, ваяваць з намі за караля Пятра.

— Дык я-ж ужо ваяваў за імпэратара Франца-Юзафа! — шчыра прызнаўся Швэйк. — Цяпер даволі, хопіць! Здаецца, я ня мала папрацаваў! Мне гэта не дае больш аніякае асалоды!

— Слухай, аўстрыяцкі ідыёт! — зароў з верхніх нар той самы голас, што перад гэтым назваў яго наймітам. — Ты тут ня круціся! Глядзі, спушчуся ўніз і разарву табе хайла да самага вуха.

— Гэта чэхі, — растлумачылі басьнякі, паказваючы на гару. — Яны таксама будуць ваяваць за караля Пятра.

У гэтым хавалася невялікае непаразуменьне, бо чэхі запісаліся ў «Чэскі легіён». Але энтузіязм басьнякоў быў гэтакі вялікі, што ім было-б вельмі прыемна, каб усе ваявалі за іх.