Старонка:Svejk.6.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палкоўнік пасьпяшыў у хлеў. Яго конь, увесь зьбіты і ўвесь у дрыжыках, стаяў у кутку, а вараны ляжаў на баку і стагнаў. З яго задняй нагі выпірала праз скуру зламаная косьць.

— Што-ж, на тое божыя воля! — пачаў цешыць палкоўнік сваю каханку. — Яны пабрыкаліся, і мой конь скалечыў твайго. Тут ужо нічым не дапаможаш. Застаецца толькі скончыць яго пакуты.

І, абняўшы леваю рукою маладую жанчыну за стан, ён правай дастаў з кішэні рэвольвэр, прыставіў да вуха каню і два разы стрэліў. Прагрымелі адзін за адным два стрэлы; небарак конь перасмыкнуўся ўсім целам, закінуў назад галаву, а пасьля сударгавата выцягнуў ногі. Аўгіньня Васільлеўна з плачам стала ля яго на калені.

Палонныя абкружылі іх шчыльнай сьцяною, бо навіна, што конь зламаў сабе нагу, шпарка распаўсюдзілася сярод іх. У натоўпе быў і Смачок, ён нэрвова і неспакойна пераходзіў з месца на месца. Нарэшце ён зьвярнуўся да палкоўніка:

— Ваша высокаблагародзьдзе, ці не дазволіце нам яго зьесьці. Мы гэтакія галодныя, і было-б шкода кінуць марна гэтакае добрае мяса.

Палкоўнік у зьбянтэжаньні паціснуў плячыма. Аўгіньня Васільлеўна праўцом зірнула ў Смочакаў твар, вочы якога гарэлі, як у галоднага ваўка, і раптам крыкнула, нібы прачытала ў іхнім агні ўсю праўду:

— Гэта ён зламаў яму нагу! Конь ня сам гэта зрабіў! Ён яго скалечыў, каб было што жэрці! Ах, дай мне рэвольвэр, я яго заб’ю!

Яна заядла кінулася на Смочака і ўелася яму пазногцямі ў аблічча. Той з сілаю адпіхнуў яе, тады яна, выхапіўшы ў палкоўніка рэвольвэр, стрэліла ў яго. На шчасьце, хтосьці пасьпеў даць ёй па руце і куля прасьвістала паўз Смочака. Палкоўніку з вялікімі цяжкасьцямі ўдалося вывесьці ашалелую жанчыну з хлява. Скрозь сьціснутыя зубы яна барматала:

— Кулю яму ў лоб… Кулю ў лоб… Як майму каньку!.. Любы, застрэль і яго…

Над целам небаракі варанога працавалі ў гэты момант дваццаць нажоў у тысячу раз большых небаракаў за гэтага каня лю-