Старонка:Svejk.6.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

які загадваў камусьці паставіць коняй у хлеў і даць ім сена, а пасьля ўсё сьціхла.

Праз некаторы час, калі Марэк ужо спаў, а Пісклявы і Гаршына як мае быць храплі, нібы стараючыся ўзяць у гэтым верх адзін над адным, Швэйк адчуў, што Смачок, які ляжаў поплеч з ім, заварушыўся, а пасьля ціхенька ўстаў і яшчэ цішэй выбраўся на двор. Вярнуўся ён з сукаватаю дубінкаю, паставіў яе ў кут і зноў лёг.

— Ці не баішся ты, што цябе аграбяць? — шэптам запытаў яго Швэйк.

— Не, — гэтак-жа ціха адказаў той, — я баюся голаду. Трэба будзе як-небудзь растарацца мяса. Ты ўмееш трымаць язык за зубамі?

— Як сьвяты Непамук! — урачыста сказаў Швэйк, на што Смачок яму коратка адрэзаў:

— Ну, дык прытрымай яго заўтра зранку. Ня бачыў, значыцца, нічога і ня чуў.

Зранку палкоўнік сам явіўся іх будзіць. Ён выказаў жаль, што тут няма дзе чаго дастаць і што з гэтай прычыны давядзецца пагаладаць, і, адводзячы іх да ўсіх на зборны пункт, заявіў:

— Выслухайце мяне, хлопцы, уважліва. Мосту мы шукаць ня будзем і пералазіць на той бераг таксама ня будзем. Адсюль уніз па рацэ ёсьць горад Мазыр. Дастаньце лодку і пасадзеце туды народу, колькі ўлезе. Рэшта пойдуць берагам пеша, а калі будуць таміцца, дык будуць мяняцца з тымі, хто едзе ў лодцы. Такім чынам, мы за тры-чатыры дні будзем на месцы. Зразумелі?

— Так точна, зразумелі, вашскабродзь! — хорам гаркнулі палонныя, узрадаваныя пэрспэктывай фантастычнага падарожжа.

— Лодку вы рэквізуйце, — дадаў палкоўнік, — а калі будуць працівіцца, дык дайце раз па мордзе. Па мордзе і справе канец!

Палкоўнік вельмі задаволены гэтакім добрым вырашэньнем крызісу, пашоў па коні. Але ля хлява яму насустрачу бегла Аўгіньня Васільлеўна і залілася гістэрычнымі сьлязьмі і крычала:

— У майго каня зломана нага. Коні пачалі брыкацца і твой конь перабіў майму нагу.