Старонка:Svejk.6.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут Швэйк, не пакідаючы аблівацца сьлязьмі, спусьціўся з нар і пацалаваў старой графіні руку. Расчуленая адданасьцю гэтага простага салдата, яна паціснула яму руку, і калі з швэйкаўскага носа скаціліся на яе дзьве гарачыя кроплі, яна пагладзіла яго па валасох. Пасьля яна адчыніла портфэль і працягнула яму дзесяцірублёўку, якую ён адразу-ж спусьціў у кішэню. Пасьля гэтага ён, усё яшчэ плачучы, палез назад на нары.

Гэтакая нагарода Швэйка за выяўлены ім патрыётызм зрабіла тое, што тры дзесяткі хлопцаў пачалі заядла смаркацца і адкашлівацца і з вышчарынымі зубамі лавіць графініну руку, як ваўкі, што нападаюць у полі на самотнае жарабя. Але графіня зачыніла портфэль і пачакала, пакуль Швэйк не супакоіўся, што адбылося даволі такі шпарка. Тады яна гаварыла далей:

— Салдаты! Мы прывезьлі вам прывітаньні ад вашых жонак і дзяцей, а таксама і ад вашых таварышоў. Мы вельмі рады, што бачым вас здаровых і задаволеных. Мы прывезьлі вам, салдаты, абмундзіраваньне, боты, коўдры і ўсялякія іншыя падарункі, і заўтра мы іх вам раздамо… Ці няма ў каго-небудзь з вас якіх-небудзь адмысловых просьбаў або скаргаў, салдаты?

Цяпер натоўп навокал яе захваляваўся, загуў, і сотні ратоў загаварылі ўсе адразу. Адзін скардзіўся, што не даходзяць лісты і пасылкі, другі пытаўся, якая цяпер у Аўстрыі цана на жывёлу, трэці цікавіўся, ці не папаў у палон або ці не пасаджаны ў турму той ці іншы яго зямляк, а ззаду, заўзята пракладваў сабе дарогу захудалы пяхотны салдацік і, прыклаўшы руку да казырка, адчыканіў:

— Так што дазвольце даведацца, ці знаходзіцца яшчэ мой брат у шпіталі ў Вене?

І калі графіня стала даводзіць яму, што яна гэтага ня можа ведаць, бо што ў Вене ёсьць тысячы параненых і хворых ваяк, ён з пагардаю аглядзеў яе з ног да галавы і стаў прасоўваць назад, мармычучы:

— Падумаеш — з чырвонага крыжу, а нічога ня ведае! Чаго-ж яна сюды прыцягнулася, калі яна нічога ня ведае пра нашага Францышка! Бо калі ён забіты, або памёр ад ран, дык я павінен атрымаць пасьля яго спадчыну.