Старонка:Svejk.6.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў яго каза і што ў яе ёсьць вымя, калі пан бургамістар, як службовая асоба, і пан дэкан, як духоўная асоба, яму гэта офіцыйна пацьвердзілі. Так што ён сваю казу зноў павёў дадому і кажа дома жонцы: «Далібог, за ўсё жыцьцё я ня бачыў гэтакае дурніцы. Нават мне, старому муляру, яна галаву задурыла, што гэтая каза — казёл, а казёл — каза». І даў ёй гэтакіх пляскачоў, што яна ад яго ўцякла і яму дагэтуль даводзіцца жыць аднаму і самому сабе гатаваць абед.

— І вось, з народам будзе на вайне калі-небудзь якраз гэтакая-ж гісторыя! — вельмі да рэчы скончыў Швэйк сваё апавяданьне, бо палкоўнік, што ехаў на чале, спыніўся і гукнуў:

— Стой, хлопцы! Рэчка! А мосту няма!

Перад імі нейкая невядомая рака гнала сваю каламутную жоўтую ваду сярод парыжэлага сухога чароту. Палкоўнік у непаразуменьні ўнурыў галаву ў грудзі.

— Як-жа нам перабрацца на той бераг? Дзе тут мост? Праклятая рака! Што-ж далей? — зьвярнуўся ён да Аўгіньні Васільлеўны. Тая, глянуўшы ўгару па плыні, ня доўга думаючы, адказала:

— Там, па правай руцэ, павінна быць вёска. Я заўважыла, што дарога адыходзіць у той бок. Ну, а дзе ёсьць вёска, там будзе і мост. Хадзем туды; людзі там адпачнуць, высьпяцца, а на раніцу рушым далей.

Бліжэйшае месца, дзе жылі людзі, да якога яны дацягліся толькі ўвечары, ня была нават вёска. Гэта было некалькі паразьбіваных знарадамі, абгарэлых і страшэнна брудных халупак, у якіх варушыліся нейкія чалавекападобныя істоты, што назвалі сябе ўцекачамі-галічанамі. Гэтыя людзі спаткалі дружыну, што шукала ў іх прытулку на ноч, вельмі суха:

— Няма хлеба, няма дроў, нічога няма.

Мосту і тут ня было, і пераправа адбывалася на хісткім плыце. І палкоўнік, даведаўшыся, што мост ёсьць толькі за сорак вёрст адсюль, пагнаў сваіх людзей у халупкі, кажучы:

— Кладзецеся і адпачнеце. А раніцаю відаць будзе, што рабіць.

Палонныя, спатканыя ня вельмі ласкава, паналазілі ў хацінкі і вельмі хутка паснулі. Чуцён быў яшчэ палкоўніцкі голас,