Старонка:Svejk.6.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у цемені. Заўсёды дае сябе аблытаць, ашукаць і стаіць як дурань, не разьбіраючыся, што робіцца навокал яго і нашто ўсё гэта. Народ заўсёды адчувае толькі вынікі. А прычыны ён ніколі ня бачыць і не разумее.

— Гэта, мусіць, праўда, — згадзіўся Швэйк. — Ты праўду кажаш. Людзі не разумеюць, хто ім што робіць, і чаму і як ён гэта робіць. Вось тое, што ты кажаш, нагадвае мне нейкага Вомачку з Буланкі, які пашоў на кірмаш у Коўрышым купляць казу. Гэта, па-мойму, якраз гэтакі-ж выпадак, як цяпер з народам.

Пасьля гэтага політычнага выступленьня, ён з хвіліну памаўчаў, а пасьля гаварыў далей:

— Гэты Вомачка быў муляр, добры чалавек, але на выпіўку быў майстар. Ну вось, купіў ён на кірмашы ў Коўршыме ў аднаго тамашнята чалавека казу і пашоў з ім у карчму барыша выпіць. Выпілі яны некалькі конавак піва і разышліся. Прадавец накіраваўся дадому, а Вомачка павёў казу ў Буланку. Каза ідзе з ім, як з добрым знаёмым, і так яны дайшлі да карчмы ў Буланцы. А там сядзіць бургамістар, адзін хлопец, што на прозьвішча Заруба, і два музыкі, і бачаць праз акно, як Вомачка шпарыць з казою па рынку. Вось гаспадар і кажа: «Бач ты, я думаў, што ён вядзе майго казла. Каза гэтая як дзьве кроплі вады падобна на яго». Тады Заруба, вялікі жартаўнік і ўрвіцель, выбег Вомачку на сустрэчу і крычыць: «Пане Вомачка, зайдзеце на хвілінку выпіць з намі шклянку. Ды заходзьце-ж, не саромцеся, я сёньня частую, а казу вашу мы паставім пад паветку». Вомачка сапраўды даў сябе ўгаварыць; яго пачаставалі півам, пацешылі гаворкаю, а тымчасам гаспадар прывязаў пад паветкаю казла свайго, а яго казу павёў у хлеў. Калі ўжо цямнець пачало, Вомачка сабраўся ісьці дадому і пашоў пад паветку па казу. Вядома, нельга патрабаваць, каб чалавек добра разьбіраўся, калі ён ледзь стаіць на нагах. Вомачка, значыцца, адвязаў казла і кажа: «Ну пойдзем, козачка, пойдзем, любенькая». А казёл упіраецца ўсімі чатырма нагамі, а Вомачка яго ўгаворвае: «Чаго-ж ты, дурненькая. Дагэтуль ішла як у танцах, а гэта раптам занатурылася». Але ўсе словы былі ні да чога, дык Вомачка перакінуў вяроўку цераз плячо і пацягнуў казла сілком.