Старонка:Svejk.6.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наконт ваеннапалонных з 208-й рабочай дружыны «дзікая дывізія» не атрымала аніякіх дырэктыў. Дык калі палкоўнік Галаваценка запытаўся ў казачага афіцэра, што рабіць і куды накіраваць палонных, той адказаў:

— А куды хочаце. Хоць чорту на рогі.

Тады палкоўнік, парадзіўшыся з Аўгіньняй Васільлеўнай, вырашыў выканаць яе далейшае жаданьне і рушыў з сваімі людзьмі як можна глыбей у тыл, дзе-б ня гэтак хутка знайшлася вайсковая ўстанова, што цікавіцца справамі ваеннапалонных.

Дружына рушыла на ўсход. Марынаваны сабака Гаршыны быў даўно зьедзены. За журботным Марэкам мірна паддаваў ходу Швэйк, а Смачок трымаў ў руцэ падгарэлую костку і пасмоктваў яе заместа люлькі. Ззаду за імі Гаршына расказваў, што ён будзе рабіць, калі яны дзе-небудзь спыняцца на доўгі час, ці назаўсёды.

— Я адчыню чайную, — гаварыў ён, — і, можа, вазьму туды некалькі жанчын. Жаночае слугаваньне ў гэтакіх мясцох — вялікая справа! Праўду я кажу, хлопцы: дадому мы наўрад ці калі-небудзь трапім. І кожнаму з нас давядзецца падумаць пра тое, каб стварыць сабе тут жыцьцё. Ня можам-жа мы вечна бадзяцца гэтак. Не, ня можам і ня будзем! — у роспачы яшчэ сказаў ён, пхнуўшы Смачка ў бок. Той, ня вымаючы з роту косткі, прамармытаў:

— Гэтакі сабачка куды смачнейшы за зайца. Сытая такса ў сьмятане — проста любата! Эх, каб хоць здохлага каня дзе знайсьці, ці што!

І Смачок, штосьці мармычучы пра сябе, доўгім позіркам сачыў за канём, на якім ехала Аўгіньня Васільлеўна.

— Увесь сьвет цяпер перавярнуўся дагары нагамі, — заўважыў Швэйк: — і ніхто ня ведае, што будзе і як будзе. Людзі проста такі зусім пашалелі ад гэтакага жыцьця. Дый то сказаць, адкуль чалавеку ведаць, што яму рабіць, калі нават начальства гэтага ня ведае? А начальства-ж усё — людзі вучоныя, адукаваныя, трасца іх матары!

— Ня бойся, гэтыя людзі як ня трэба лепш ведаюць, што рабіць! — напаў на яго Пісклявы. — Яны дык ужо як мае быць вывучылі ўсё, як лепш народ туманіць. А народ заўсёды бродзіць