Старонка:Svejk.6.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А перапалоханы жаночы голас пішчэў:

— А грошы ты захапіў? Скрынку з капялюшамі на лінейку паклаў? Ах, божа мой, сваю добрую пудру я на акне забыла!

Доўга беглі ўсе ў страшэнным цемрыве, сярод жудаснай цішыні поля, адчуваючы толькі, што побач з імі таксама перапалоханыя людзі, і чуючы як яны з сьвістам дыхалі. І раптам цемень прарэзаў сноп ясных праменьняў, і ў полі зрабілася ясна як удзень.

А ў гэтым ясным сьвятле пачуўся заклапочаны голас удалага ваякі Швэйка:

— Гаршына, я тут, з табою! Глядзі-ж, ня згубі адно сабачку! Бяжы з ім туды, дзе цямней, каб нас не зачапіла знарадам. Пільнуйся сабачкі як сваіх вачэй. Што нам асталося-б на сьнеданьне, каб гэтакая шальмаватая граната выбіла яго з тваіх рук?

13

У ГЛЫБОКІМ ТЫЛУ

Швэйкаў афорызм: «Мы якраз як праскія вэтэраны, калі яны разварушацца: нішто ня можа іх тады стрымаць, апроч як моцная сьцяна» — афорызм, які ён выказаў назаўтра пасьля тэй памятнай ночы, калі яны бязупынна беглі, — правільна, відаць, вызначыў тое, што было.

Уся армія нястрымана бегла, хоць ня чуваць было ніводнага стрэлу.

На фронце пачалася паніка, якую салдаты, зьбянтэжаныя тым, што ня відаць канца вайне, і ня вельмі ўзрадаваныя тым, што давядзецца трэцюю зіму мерзнуць у акопах, ахвотна падтрымлівалі. Расійская армія, бяз ведама яе галоўнакамандуючага, выкінула лёзунг: «Разыходзься па хатах!»

Толькі на трэці дзень «дзікая дывізія», што была кінута на спатканьне гэтаму стыхійнаму руху, спыніла бягуноў. Яна прымусіла салдат павярнуцца на фронт, сформавала іх у палкі і пагнала назад у балоты, куды немцы не адважыліся за імі рушыць.