Старонка:Svejk.6.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бог даў». А тая якраз пералівала крупнік. Павярнулася яна да гасьця і кажа да мужа: «Ну хіба-ж ты ня стары дурань! Самім жэрці няма чаго, а ты тут ўсялякую шушамець вядзеш, якую ліха цябе ведае дзе знайшоў». А пасьля гэтак ветліва і далікатна сказала да пана Каганэка: «Калі ласка, вельмі рада! Будзьце як дома. Мы людзі простыя, у нас саромецца ня можна».

Швэйкава здабыча стварыла ў вёсцы сэнсацыю. Калі Швэйк павесіў першага сабачку на грушу перад хатаю і ўзяўся лупіць з яго скуру, навокал сабраўся цэлы натоўп таварышаў, якія не шкадавалі парадаў, што рабіць, каб смажэньне вышла як мага смачнейшае. Нарэшце Гаршына рашуча заявіў:

— От што: аднаго мы сасмажым, а другога пакладзем у салёную ваду, з воцатам і цыбулькаю, так што будзе смак як ад самае далікатнае дзічыны.

І ён адразу-ж пашоў у гарод, карыстаючыся тым, што гаспадароў якраз ня было, каб узяць адтуль якую пару цыбулін.

Доўгія нарады ваеннапалонных пад грушаю прыцягнулі ўвагу насельнікаў. Сьпярша прышло некалькі хлапчукоў, і калі яны заўважылі на галінах аблупленага сабачку, яны паімчаліся ў вёску паведаміць пра вялікую навіну. З усіх хат зьбегліся бабы, узбуджана гаворачы пра тое, што трэба няйначай папярэдзіць Аўдоцю, якая працуе на полі, што робяць гэтыя паганцы аўстрыякі з яе грушаю.

Зараз-жа па яе кінуліся тыя-ж хлапчукі, каб сказаць ёй, што палонныя апаганілі яе дрэва.

Швэйк ледзь пасьпеў злупіць скуру з другога сабачкі, як зьявілася Аўдоця. Размахваючы грасаю, яна разагнала палонных, лаючыся на чым сьвет стаіць. Пасьля яна кінулася ў хлеў, зараз-жа вярнулася і пачала секчы дрэва, крычучы на ўсю вуліцу:

— Мужчынкі, родненькія, вы адно падумайце: ну хіба я магла-б узяць у рот грушу з дрэва, якое апаганена сабачаю крывёю? А божа мой! Усё, усё гэта давядзецца выкінуць!

Тымчасам Швэйк спакойна запаліў у печы і паставіў сабачку смажыцца ў вялікай бляшанцы з-пад патронаў, што была яму заместа скаварады.