Старонка:Svejk.6.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

як пад Пярэмышлем. Сапраўдны навальнічны агонь! Я ім колькі разоў гаварыў: «Хлопцы, не налягайце гэтак на хлеб, бо пасьля дыхнуць нельга будзе!» Але затое вы, пані, дазвольце далажыць, пахнеце гэтак цудоўна, як француская курыльная папера.

— Салдаты, да мяне! — урачыста высокім голасам гукнула графіня, і на ўсіх нарах узьняўся страшэнны шум. Ваеннапалонныя зьлезьлі з сваіх седалаў, схлупіліся навокал дам і натапырылі вушы, чакаючы вестак з радзімы.

— Салдаты! — сказала прадстаўніца чырвонага крыжу, стараючыся гаварыць па-чэску. — Мы на вас не забыліся! Вы ўсе таксама сыны Аўстрыі, нашы сыны, і наш чырвоны крыж усё таксама клапоціцца пра вас.

Яна сьціхла, шукаючы чэскіх слоў.

— Салдаты! Мы ўспамінаем вас, мы молімся за вас! Вы шчасьліва вернецеся ў вялікую, непераможную Аўстрыю. Яшчэ гэтым летам мы прагонім ворага за нашы граніцы, і наша дзяржава атрымае верх у змаганьні. У Францыі наш саюзьнік бязупынна прасоўваецца наперад, у Італіі наш наступ з посьпехам разьвіваецца, на расійскім фронце мы дасягнулі буйных посьпехаў, і наша войска, нашы непераможныя салдаты, укрываюць нашы сьцягі новай славай, вырабляючы цуды сьмеласьці і не шкадуючы свайго жыцьця для нашага роднага монарха, імпэратара Франца-Юзафа. І імпэратар, і айчына не забываюць вас, цьвёрда памятаюць, колькі вы пакутвалі і што ахвяроўвалі, і айчына за ўсё ўзнагародзіць вас у сто столак. Салдаты, мацуйцеся! Цярплівасьць, цярплівасьць і яшчэ раз цярплівасьць!

Графіня Таксіль змоўкла, чакаючы аплёдысмэнтаў і спачуваньня; але натоўп абшарпаных людзей не падаваў аніякага гуку, і цішыня была гэтакая, што чуваць было, як у некаторых людзей хрыпела ў лёгкіх. Раптам хтосьці пачаў усхліпваць. Гэта плакаў на верхніх нарах добры ваяка Швэйк.

— Мы будзем мацавацца тут да канца вайны, калі трэба будзе, ваша яснасьць, — плакаў ён, моцна чмыхаючы носам. — І мы зробім дзеля яго імпэратарскае вялікасьці ўсё, што толькі льга. Толькі-б нам атрымліваць тут хлеб і цукар… І перадайце нашаму імпэратару, што ён можа ўскласьці сваю надзею на мяне і на маіх таварышоў.