Старонка:Svejk.6.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось гэта дык пытаньне, ці хацелася-б мне! — уздыхнуўшы адказаў былы обэр-кэльнер. — Мне давялося за свой век паесьці і омараў, і устрыц, і бульлёну з чарапахі, і фаршыраваных сьлімакоў, і ластавічыных гнёздаў у Ліппэрта ў Празе пакаштаваць, і ананасаў, і ўсялякіх заморскіх фруктаў, але сабак я яшчэ ня еў. А толькі мне здаецца, што мяса з іх павінна быць найлепшае. Так што мне вельмі хацелася-б паспрабаваць.

— Ну, а ты гатоў на ахвяры дзеля задаваленьня тваіх жаданьняў? — дапытліва запытаў Швэйк. Гаршына, нібы на прысягу, падняў два пальцы правай рукі:

— Гатоў ахвяраваць дваццацю гадамі майго жыцьця дзеля добрага філе з сабачкі. Калі хочаш, д’ябал, я напішу табе расьпіску чырвонай крывёю майго сэрца.

— Не, гэтага ня трэба, — адказаў Шзвэйк: — але я хачу, каб ты накіраваўся са мною заўтра ў маёнтак і забавіў старую гаворкаю, пакуль я спраўлюся.

У наступны дзень шаноўная ўдава, абкружаная сваімі сабачкамі, была вельмі зьдзіўлена ад візыты двух палонных аўстрыякаў, з якіх — адзін трымаў пад пахаю пусты мяшок, а другі бойка гаварыў па-француску. Яны адрэкомэндаваліся пані, і той, што гаварыў па-француску, сыпануў комплімэнты:

— Мы чулі, што вы высокаадукаваная дама, што вы выхоўваліся ў Парыжы. Нам вельмі хацелася пазнаёміцца з расійскай дамай, якая валодае гэтакім розумам і эрудыцыяй. Я сам доўгі час жыў у Францыі, а мой таварыш эльзасец.

— Можа вы галодныя? — стрымана адказала пані. — У такім выпадку, я папрашу вас на кухню. Мне вельмі шкода, але я павінна праз паўгадзіны паехаць, і мне трэба яшчэ пераапрануцца.

Яна адчыніла дзьверы, і калі яны падняліся на балькон, яна падалася ў кухню, каб сказаць чым частаваць гасьцей.

Палонныя засталіся адны з сабачкамі; таксы даверліва глядзелі на іх сваімі ласкавымі вачыма, нібы пытаючыся, чаго яны прышлі, і без усялякага страху церліся аб іх калені.

— Як ты думаеш, яны ня будуць бурчэць? — шэптам запытаў Гаршына.

— Не. Яны так спалохаюцца, што і апамятацца не пасьпеюць, — гэтак-жа шэптам адказаў Швэйк і намерыўся з мяшком.