Старонка:Svejk.6.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тымчасам голад у дружыне ўсё ўзмацняўся, а з голадам узростала і нахабнасьць у адшуканьні яды. Палонныя кралі сапраўды ўсё, што пападалася ім на вочы. Яны цягалі хлеб з клунь, грабілі клеці і сьвіронкі, лавілі курэй, а нарэшце пакінулі акідаць і катоў і сабак.

Смачок першы распачаў паляваньне на гэтую жывёлу; ён дастаў дзесьці кавалак дроту ў паставіў ля хлява сіло… Уночы ўсе прачнуліся ад немага енку ката, што папаўся туды. Ён мяўкаў, пішчаў і енчыў, як тузін дзяцей у выхаваўчым доме. Як толькі пачало разьвідняцца, Смачок зацягнуў пятлю і з усіх сіл кінуўся да свае ахвяры. Кот, што папаўся ў сіло галавою, яшчэ трапятаўся.

— Пачакай, доўга мучыцца табе не давядзецца, — пацяшаў яго Смачок. — Зараз усё будзе скончана.

Ён раздушыў кату галаву абцасам і выцягнуў яго за заднія лапы. Штосьці ў ім храбуснула; паляўнічы абмацаў яго і самаздаволена засьмяяўся:

— Нічога сабе, сыты. Дзякуй богу, што мне гэтак пашанцавала.

Я-ж з голаду нават цалюткі тыдзень да ветру не хадзіў.

Тое, што палонныя ядуць катоў, стала адразу вядома на вёсцы, і сымпатыі яе насельнікаў да палонных ад гэтага не павялічыліся. Праваслаўныя людзі, якія ня елі галубоў, бо баяліся праглынуць у іх частачку сьвятога духу, і гадзіліся зайцоў, бо думалі што заяц распаўсюджвае пранцы, не маглі зразумець, што можна есьці, хваліць прыгатаваную з часныком кашэчыну. Цяпер, спатыкаючыся з палоннымі, яны пачалі адплёўвацца, як ад нячыстае сілы; ніхто ні за якія грошы ня даў-бы палонным свае конаўкі напіцца, а іхнім нажом ніхто ня крояў-бы свайго хлеба.

Калі таго часу Швэйк пранюхаў, што за суседняю вёскай у памешчыцы-ўдавы ёсьць цэлая чарада сабачак-такс.

— Гэтакія яны адкормленыя, — расказваў ён Гаршыне, — што ўсе круглыя, як галкі, нават лапак іх ня відаць, дальбог. А сала з іх нацякло-б па пяць літраў з кожнага. Скварак з аднаго нам хапіла-б на цэлы тыдзень. Няўжо табе ня хочацца іх паспрабаваць?