Старонка:Svejk.6.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грошы за іх плаціць, а вы куды іх дзеяце? Адно людзей голадам морыце!

— Ня крычы, — уся ўзгарэўшыся, закрычала Аўгіньня Васільлеўна, — а то — кепска будзе!

— Ой, даражэнькія, што-ж гэта робіцца! Мы па праўду да начальніка прышлі, а на нас тут нейкая навалач крычыць, — завішчала старая, гатовая ўчапіцца той у валасы.

Узьняўся страшэнны гвалт. Аўгіньня Васільлеўна закрычала гэтак праразьліва, што палкоўнік прыбег, не пасьпеўшы яшчэ як належыць зашпіліцца.

Некалькімі махамі кулака ён разагнаў раззлаваных баб і, патрэсаючы рэвольвэрам, накінуўся на іх:

— Нашто вы яе крыўдзілі, га?

— Мы прышлі скардзіцца на палонных, што яны наша поле грабяць, — гуртам загаласілі бабы, — а яна ў іхнюю дудку грае! Аўстрыякі ў нас усю бульбу выкапалі! А што мы самі будзем зімою есьці, чым жывёлу карміць будзем?

Палкоўнік схаваў рэвольвар.

— Эх, вы, дурні! — сказаў ён. — Аўстрыякі ў вас некалькі бульбін выкапалі, дык вы скардзіцца бяжыце. А немец, гарманец пракляты, зараз прыдзе і ў вас усё чыста забярэ. Бога вы не баіцеся — з-за бульбы жанчыну крыўдзіце! Прыдзе, кажу я, сюды немец, дык ён ні то што бульбу — кароўку ў вас апошнюю адбярэ, а саміх вас у палон возьме… Ідзеце вы адсюль, пакуль ціха. Ну? Марш, марш!

Ён зноў дастаў рэвольвэр і навёў яго на баб. Тыя задам падаліся з хаты, мармычучы:

— Бач, які злосны!.. Вось кажуць, наша армія — лепшая за ўсе, а ён нас немцам палохае… Вось гад, адпусьці божа граха! Пазабіваць-бы іх усіх, каторыя гэтакія…

На палкоўнікаву радасьць, у гэты час з поля вярнулася якраз дружына. Неўзабаве ён наогул пакінуў выдаваць хлеб, а на дэманстрацыі, якія наладжвалі яму пад вакном бабы, пагражаючы паскардзіцца на яго самому бацьку-цару, ён пагардліва адказаў:

— А вы чуеце, як немец страляе? Зараз ён тут будзе і ўсё ад вас адбярэ.